Супрацоўнікам спэцслужбаў былой Польшчы ўрэзалі пэнсіі, незалежна ад заслугаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.06.2019 14:30
Супрацоўнікі апарату бясьпекі ПНР ня могуць мець пэнсію вышэйшую, чым сярэдняя пэнсія па краіне.
Foto: materiały prasowe
«Dziennik Gazeta Prawna» правёў гутаркі з людзьмі, якія працавалі ў разьведслужбе Польскай Народнай Рэспублікі. Усім гэтым асобам былі паніжаныя пэнсіі, паколькі ўрад прыняў закон, паводле якога ўсе супрацоўнікі апарату бясьпекі ПНР ня могуць мець пэнсію вышэйшую, чым сярэдняя пэнсія па краіне. У выніку пэнсіі былых афіцэраў, напрыклад, выведкі, былі значна паніжаныя.
Выданьне піша, што пад закон трапілі ўсе, незалежна ад таго, як яны служылі польскай дзяржаве. Скажам, журналісты газэты правялі гутаркі з афіцэрамі, адказнымі за выбудоўваньне адносін Польшчы з ЦРУ. Яны распавялі, у прыватнасьці, падрабязнасьці славутай апэрацыі Самум, у рамках якой польскія разьведчыкі дапамаглі вывезьці з ахопленых вайной Іраку ды Кувэйту афіцэраў спэцслужбаў ЗША. Па словах аднаго з польскіх афіцэраў, палкоўніка С., які зладзіў апэрацыю, калі ў Варшаве прызямліўся самалёт з вызваленымі з Іраку амэрыканскімі афіцэрамі, яны выходзілі па трапу і кідаліся абдымаць палякаў, адзін пацалаваў польскую зямлю, а пазьней папрасіў адвезьці яго ў касьцёл. Былы дырэктар ЦРУ Джон Брэнан напісаў, што адвага такіх людзей, як палкоўнік С. ці іншых палякаў, зьяўляецца прыкладам для афіцэраў разьведкі на ўсім сьвеце.
Усе былыя афіцэры польскіх спэцслужбаў былі ахопленыя законам аб паніжэньні пэнсій камуністычным супрацоўнікам спэцслужбаў, незалежна ад іх заслугаў.
Dziennik Gazeta Prawna/нг