Logo Polskiego Radia
Print

Крамлёўскі „кухар” спрабуе выклікаць рэвалюцыю ў ЗША

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.05.2019 17:49
Пецярбургскі алігарх Яўгеній Прыгожын імкнецца стварыць „Панафрыканскую дзяржаву” на тэрыторыі амэрыканскіх штатаў.
źr. FrankBrueck/Wikimedia Commons/CC

Карэспандэнцыю супрацоўнікаў кампаній расейскіх троляў на гэтую тэму апублікавала амэрыканскае тэлебачаньне NBC. У перапісцы зьяўляюцца такія прозьвішчы як Міхаіл Пацепкін, Джэйхун Найсым Асланаў.

„Панафрыканская дзяржава” ў ЗША спачатку павінна стварацца праз вярбунак „афраамэрыканцаў з бяднейшых амэрыканскіх мястэчак, задзейнічаных у крымінальныя справы, чальцоў бандаў, былых вязьняў”. Затым, плянуецца стварыць сетку трэнінгавых лягераў у Афрыцы, дзе завэрбаваныя будуць праходзіць ідэалягічную падрыхтоўку й баявыя курсы. На завяршэньне ўсе будуць перакінуты назад у ЗША.

„Акцыя вельмі ўскладніць унутрыпалітычную сытуацыю ў ЗША, а калі атрымае посьпех, то падарве тэрытарыяльную цэласнасьць, ваенны і эканамічны патэнцыял ЗША”, - пісалі аўтары праекту.

Асланаў у адным з мэйлаў зьмясьціў мапу ЗША з пазначанымі штатамі, у якіх найбольшы адсотак афраамэрыканскага насельніцтва – Луізіяна, Місісіпі, Алабама, Джорджыя, Паўднёвая Караліна. На мапу нанесеныя розныя сайты і профілі Фэйсбука, якія раней стварылі тролі. У гэтых штатах павінна праходзіць вярбоўка людзей.

„ Нягледзячы на тое, ці гэта сур’ёзныя пляны, ці аматарская работа, той факт, што ёсьць такі плян, павінен страсянуць амэрыканцаў”, - лічыць былы афіцэр Фэдэральнагa бюро расьсьледаваньняў Фрэнк Філюці (Frank Figliuzzi).

Rzeczpospolita/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт