Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейскія фонды дапамагаюць Польшчы мяняцца

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.05.2019 15:55
  • Эўрапейскія фонды.mp3
У Польшчы сёлета адзначаюць 15 год уступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз.
Foto: Urząd miasta Olszynu/Ministerstwo Rozwoju i Inwestycji

У краіне ладзяцца мерапрыемствы прысьвечаныя Эўразьвязу, эўрапейскай інтэграцыі. Палітыкі, прадпрымальнікі ды грамадзяне ацэньваюць уплыў аб'яднанай Эўропы на Польшчы.

Польшча стала чальцом Эўрапейскага Зьвязу 1-га траўня 2004 года. Сёлета прыпадае 15 гадавіна тых падзей. З гэтай нагоды 12-14 траўня па ўсёй Польшчы прайшлі сьвяточныя мерапрыемствы пад лёзунгам «Пасьля 15 год».

У рамках гэтых урачыстасьцяў у Варшаве прайшлі Адкрытыя дні структурных фондаў Эўрапейскага Зьвязу. Менавіта з гэтых фондаў ЭЗ фінансуе праекты, накіраваныя на выроўніваньне ўзроўню жыцьця ў розных краінах ЭЗ, рэалізацыю інфраструктурных інвэстыцый, а таксама разьвіцьця прадпрымальніцтва ды інавацыйнасьці.

У Варшаве ў гэтыя дні можна пазнаёміцца з рэалізаванымі праектамі ў адмысловым мястэчку Эўрапейскіх фондаў. Мы наведалі гэтае месца ды пацікавіліся ў экспэртаў, прадпрымальнікаў, палітыкаў ды жыхароў Варшавы, што зьмянілася ў Польшчы ды іх жыцьці за апошнія 15 год дзякуючы Эўрапейскаму Зьвязу.

Польшча стала больш заможнай, разьвітай ды прадпрымальніцкай, кажа дзяржсакратар у міністэрстве інвэстыцый ды разьвіцьця, прадстаўнік ураду па справах малых і сярэдніх прадпрыемстваў Анджэліка Мажджаноўска.

Анджэліка Мажджаноўска: За 15 год у Польшчы цалкам зьмянілася наша жыцьцё і рэчаіснасьць, зьмянілася эканоміка, таксама зьмянілася наш мэнталітэт. Мы засталіся палякамі, сталі эўрапейцамі, узбагацілі нашай культурай, традыцыямі ды каштоўнасьцямі Эўропу. Мы прадэманстравалі нашу гаспадарнасьць, прадпрымальніцкія здольнасьці ды дакладнасьць. Польшча зьяўляецца сёньня лідэрам у выкарыстаньні эўрапейскіх сродкаў.

Польскія фірмы актыўна карыстаюцца сродкамі з Эўрапейскіх структурных фондаў. Дзякуючы ім фінансуюцца новыя вынаходніцтвы, фірмы ад ідэяй пераходзяць да вытворчасьці. Распавядае Мацей Рот з фірмы «Аросайс».

Мацей Рот: Мы ствараем ратаўнічую прылады – падушку супраць лавінаў. Ёй могуць карыстацца асобы, якія зімой знаходзяцца ў гарах, у лявінанебясьпечным раёне. Праект пачаўся ды разьвіваецца дзякуючы сродкам з эўрапейскіх фондаў. Мы атрымалі фінансавую падтрымку на нашу распрацоўку з Нацыянальнага цэнтра дасьледаваньняў ды разьвіцьця. Цяпер мы пераходзім у фазу вытворчасьці ды камэрцыялізацыі нашай задумы, таксама будзем тут шукаць фінансавых сродкаў з Эўрапейскіх фондаў. У нас вельмі пазытыўны досьвед супрацы, дзякуючы гэтаму наш праект разьвіваецца. Зьмены ў Польшчы бачны ўсюды. Мы часта езьдзім з сядзібы нашай фірму ў наш навукова-дасьледчы цэнтар, езьдзім да інвэстараў у Варшаву, бачым, што ідуць зьмены, як ва ўсёй краіне, так і ў нашым непасрэдным суседзтве.

Зьмены адчуваюць і жыхары Варшавы. Дзякуючы эўрапейскім сродкам вырас узровень жыцьця, стала больш даступнай і арыентаванай на людзей гарадзкая інфраструктура, кажа варшавянін Мацей.

Мацей: Шчыра кажучы, зьмены бачныя голым вокам. Мы езьдзім па новых дарогах, ходзім па парках ды новых стадыёнах. Вядома, што не ўсюды мы змаглі значна павысіць узровень, але дзякуючы эўрапейскім фондам разьвіваюцца бяднейшыя рэгіёны, бачна, што туды даходзіць фінансаваньне. Зьмены бачныя, кожны з нас карыстаецца з вынікаў рэалізацыі гэтых сродкаў, едучы на працу новым трамваем.

За мінулыя 15 год Польшча наблізілася па ўзроўню разьвіцьця да іншых краінаў Эўропы, перакананая Эльжбета Возьняк-Сёнэк з канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы.

Эльжбэта Возьняк-Сёнэк: Для мяне ў Польшчы шмат зьмянілася. У першую чаргу – гэта інфраструктура, новыя дарогі ды аўтамагістралі. Зьмянілася таксама наша атачэньне ў гарадах, мы не саступаем і паволі раўняемся з іншымі краінамі Эўропы. Я вельмі шчасьлівая, што гэтыя зьмены адбыліся.

У Польшчы ацэньваюць 15 год праведзеных у Эўрапейскім Зьвязе. Палітыкі, прадпрымальнікі ды звычайныя грамадзяне ацэньваюць гэты чым хутчэй са знакам плюс. Польшча змагла з карысьцю для эканомікі краіны ды грамадзтва выкарыстаць прыналежнасьць да Абʼяднанай Эўропы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт