Logo Polskiego Radia
Print

3 млн. палякаў штодзённа купляе малую бутэльку гарэлкі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.05.2019 15:19
Спажываньне сьпіртнога расьце, а ўрад абмяжоўваецца прыгожымі словамі пра барацьбу з п'янствам.
photo: www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У выданьні «Gazeta Wyborcza» артыкул, прысьвечаны праблеме папулярнасьці алькаголю ў Польшчы. Гаворка ідзе не пра сур’ёзны алькагалізм, калі чалавек адносна хутка падае на дно, а пра рэгулярнае спажываньне невялікай колькасьці моцных сьпіртных напояў, галоўным чынам гэтак званых «малпак» – малых пляшачак гарэлкі аб’ёмам у 100 або 200 грам. У Беларусі іх называюць «мярзаўчыкамі».

Такія маленькія бутэлечкі гарэлкі вельмі папулярныя падчас гэтак званага доўгага ўік-энду, як цяпер, паколькі 1 і 3 траўня ў Польшчы выходныя дні, а многія палякі сьвяткуюць цэлы тыдзень. Прадаўцы ў малых крамах кажуць, што людзі прыходзяць па мярзаўчыкі ўжо з самой раніцы, кліенты купляюць іх разам з бутэрбродам на сьнеданьне. Мярзаўчыкі вельмі зручныя, можна іх схаваць у кішэнь і папіваць цэлы дзень. Па словах старшыні Дзяржаўнага агенцтва супрацьдзеяньня праблеме алькагалізму Кшыштафа Бжузкі, калі хтосьці купіць сабе дзьве такія бутэлечкі на цэлы дзень, ён ня будзе сур’ёзна п'яным, але ўвесь час паддатым. Гэта самы небясьпечны стыль выпіваньня. Паводле вынікаў дасьледаваньня маркетынгавай кампаніі Synergion, кожны дзень малыя бутэлькі гарэлкі купляе тры мільёны палякаў. Купляюць усе – ад рабочых на фабрыках па студэнтаў і пэнсіянэраў.

На думку старшыні Агенцтва супрацьдзеяньня праблеме алькагалізму, сьпіртная прамысловасьць дзейнічае ў Польшчы як у каляніяльнай краіне. Падобную тактыку гэтая прамысловасьць выкарыстоўвае ў Афрыцы. Польскі ўрад няшмат робіць, каб з пʼянствам змагацца, хаця гучыць шмат прыгожых слоў. Тры гады таму падчас пасяджэньня Рады міністраў была прапанова цалкам забараніць продаж гарэлкі ў бутэльках па 100 і 200 мілілітраў, але ідэя не прайшла. На думку Бжузкі, урад прайграў з алькагольным лёбінгам. Ён прыводзіць чатыры самыя важныя прынцыпы барацьбы з пʼянствам. Першы – поўная і безагаворачная забарона рэклямы сьпіртнога. Другі – эканамічная даступнасьць, алькаголь павінен быць значна даражэйшы. Трэці – раньняя дыягностыка алькаголікаў і пачатак тэрапіі. І апошні – фізычная даступнасьць. Неабходна ліквідаваць частку пунктаў, якія прадаюць сьпіртное, і забараніць прадаваць яго ноччу.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт