Logo Polskiego Radia
Print

Беларусі пагражаюць штрафныя санкцыі за спыненьне паставак нафтапрадуктаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.04.2019 15:35
  • нафта.mp3
Экспарт сьветлых нафтапрадуктаў быў прыпынены ў Польшчу, Украіну і краіны Балтыі.
ілюстрацыйны здымакілюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0


Нагадаем, надоечы Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў у іншыя краіны – у Польшчу, ва Ўкраіну ды дзяржавы Балтыі. Мы запыталі экспэрта, чаму так сталася і ці Беларусі пагражаюць за гэта штрафныя санкцыі.

Рашэньне аб прыпыненьні паставак бэнзіну і дызэльнага паліва было прынятае з-за таго, што апошнім часам з Расеі пастаўляецца надта забруджаная сыравіна, якая ўтрымлівае вялікую колькасьць серы, а гэта пагражае пашкоджаньнем абсталяваньня нафтаперапрацоўчых заводаў.

Пра спыненьне экспарту нафтапрадуктаў паведаміла Беларуская нафтавая кампанія (Белнафтахім). Па словах намесьніка старшыні прадпрыемства Сяргея Грыба, прыярытэт маюць пастаўкі на ўнутраны рынак.

С. Грыб: Прыпыненьне адбылося менавіта па сьветлых нафтапрадуктах: дызэль, бэнзін. Гэта рынкі Ўкраіны, Балтыі ды Польшчы. Цёмныя нафтапрадукты ў дадзены момант далей пастаўляюцца за мяжу, паколькі гэтыя прадукты не спажываюцца на ўнутраным рынку Беларусі.

Чаму Расея пастаўляе ў Беларусь забруджаную, сярністую нафту? Справа ў тым, што яна, згодна міжнародным пагадненьням панізіла аб’ёмы нафтаздабычы, у тым ліку дабраякаснай сьветлай нафты. І менавіта гэтая сыравіна ідзе ў асноўным на кітайскім рынак, які вельмі важны для Расеі. У сваю чаргу ў беларускіх НПЗ практычна няма альтэрнатывы, яны змушаныя прымаць нафту з расейскай трубы, – тлумачыць экспэрт па пытаньнях нафтахімічнай прамысловасьці, эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацьцяна Манёнак.

Т. Манёнак: Расея хоча мець дамінуючую ролю на кітайскім рынку. Таму яна пастаўляе туды нафту лепшай якасьці. Сярністая нафта – гэта асноўная праблема, ужо некалькі гадоў на яе скардзяцца і беларускія НПЗ, і заходнія заводы. Эўрапейскія заводы паступова пачалі зьмяншаць імпарт расейскай нафты або разбаўляюць яе больш лёгкай нафтай, каб не перабудоўваць абсталяваньне, гэта тэхналягічна даволі складана. Беларускія НПЗ прывязаныя амаль у 100% да расейскай нафты, праўда, апошнім часам крыху нафты пастаўляецца па чыгунцы. Каб не пашкодзіць абсталяваньне, неабходна разбаўляць нафту сьветлай, удасканаліць сыравіну ў гэтай крытычнай сытуацыі для НПЗ.

Кожны зь беларускіх НПЗ мог бы перапрацоўваць па 12 млн. тон нафты кожны год, але магутнасьці прадпрыемстваў не выкарыстоўваюцца поўнасьцю, кожны з заводаў (у Наваполацку ды ў Мазыры) перапрацоўваюць толькі па 9 млн. тон нафты ў год. У сваю чаргу беларускія ўлады павінны клапаціцца перш за ўсё пра свой унутраны рынак, таму было прынятае рашэньне спыніць пастаўкі бэнзіну і дызэльнага паліва за мяжу. Гэты год выключна важны для ўладаў, паколькі неўзабаве ў Беларусі адбудуцца выбары, – нагадвае Тацьцяна Манёнак.

Т. Манёнак: У нас хутка пачнуцца прэзыдэнцкая і парлямэнцкая перадвыбарчыя кампаніі. Галоўнае – захаваць стабільнасьць на ўнутраным рынку, не дапусьціць пагаршэньня сытуацыі. Таму аддаецца прыярытэт беларускаму рынку. Я задавала пытаньне прадстаўніку нафтавай кампаніі, ён адказаў, што вядзе перамовы з контрагентамі, каб пазьбегнуць штрафных санкцый. Беларускі бок спадзяецца на кампэнсацыю страт ад расейскага боку. Неабходна разабрацца, чаму забруджаная нафта прыйшла ў Беларусь.

У выніку спыненьня паставак нафтапрадуктаў у іншыя краіны Беларусі могуць пагражаць штрафныя санкцыі з боку гандлёвых партнэраў. На думку Тацьцяны Манёнак, існуе магчымасьць пазьбегнуць гэтых санкцыяў, бо крытычная сытуацыя склалася не па віне беларускага боку, а па віне Расейскай нафтавай кампаніі. Дарэчы, партыя забруджанай нафты з расейскага нафтаправоду была пастаўленая таксама на нямецкія ды вугорскія НПЗ.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт