Logo Polskiego Radia
Print

Ці магчыма павялічыць сацыяльныя выдаткі без павышэньня падаткаў?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.04.2019 16:25
Адказ на гэтае пытаньне дае польская штодзённая газэта "Rzeczpospolita".
Прэм'ер-міністар М. Маравецкі на канфэрэнцыі, прысьвечанай пашырэньню праграмы дапамогі сем'ям зь дзецьмі "500+"Прэм'ер-міністар М. Маравецкі на канфэрэнцыі, прысьвечанай пашырэньню праграмы дапамогі сем'ям зь дзецьмі "500+"PAP/Leszek Szymański

Выданьне «Rzeczpospolita» піша пра перадвыбарчыя абяцаньні кіруючай партыі «Права й справядлівасьць», гэтак званую «пяцёрку ПіС». Высокія кошты рэалізацыі гэтых абяцаньняў улады перасунуць на ўсіх палякаў. Напрыклад, урад вяртаецца да ідэі адмяніць ліміт узносаў на сацыяльнае страхаваньне для асоб, якія зарабляюць больш чым 30 сярэднестатыстычных заробкаў у год. На дадзены момант, калі хтосьці зарабіў больш, чым 142,9 тыс. злотых (амаль 38 тыс. даляраў ЗША), то частка даходу, большая за гэтую суму, вызваленая ад складкі на сацыяльнае страхаваньне. З будучага году неабходна будзе заплаціць узносы з усяго заробку.

Мінфін намераны таксама ўвесьці гэтак званае тэставаньне прадпрымальніка, гэта значыць, праверку, ці індывідуальны прадпрымальнік зьяўляецца сапраўдным, ці фікцыйным. Калі хтосьці ня пройдзе тэставаньня, заплаціць вышэйшы падатак. Яшчэ некалькі дзён таму міністэрства завярала, што над такой схемай яно не працуе.

На 3% вырасьце акцыз на алькаголь і цыгарэты, дзяржава намерана спаганяць больш аплаты з крамаў за выкарыстаньне плястыкавых мяшочкаў (агулам 1,4 млрд. злотых). «Пяцёрку» ПіС часткова таксама прафінансуюць грошы палякаў, сабраныя ў Адкрытых пэнсійных фондах. Улады ліквідуюць фонды, а за перавод сродкаў на прыватныя пэнсійныя рахункі неабходна будзе заплаціць. Гэта прынясе дзяржаве 19,3 млрд. на працягу двух гадоў.

«Тыя, хто верыў, што можна павялічыць сацыяльныя выдаткі без павышэньня падаткаў, пераканаюцца, што гэта немагчыма», – камэнтуе падзеі экспэрт Канфэдэрацыі працадаўцаў «Левіятан» Ерэмі Мардасэвіч.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт