Белы дом зацікаўлены ў будаўніцтве вайсковай базы ў Польшчы
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
15.04.2019 16:01
Д. Трамп мог бы аб'явіць пра пашырэньне вайсковай прысутнасьці падчас адзначэньня 80-ых угодкаў пачатку вайны.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com
«Rzeczpospolita» паведамляе, што Белы дом націскае на Пэнтагон, каб паскорыць перамовы з палякамі пра будаўніцтва амэрыканскай вайсковай базы ў Польшчы. Калі не здарыцца нічога нечаканага, то прэзыдэнт Дональд Трамп павінен прыбыць у Польшчу на адзначэньне 80-ай гадавіны пачатку Другой сусьветнай вайны. Аднак толькі тады, калі да гэтага часу ўдасца заключыць дамоўленасьць паміж дзяржавамі пра ўзмацненьне вайсковых сілаў.
Для Трампа візыт у Польшчу быў бы ідэальнай нагодай, каб аб’явіць пра падпісаньне пагадненьня аб вайсковай базе. Гэта быў бы ясны сыгнал, маўляў, раней Польшча не магла разьлічваць на сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў, але цяпер можа быць упэўненай, што дапаможа ёй ЗША. Мэсыдж тым больш зразумелы, калі ўзяць пад увагу, што ў Варшаву на ўрачыстасьці ня быў запрошаны Ўладзімір Пуцін. Нельга забываць, што Трамп ужо рыхтуецца да выбарчай кампаніі, таксама для кіруючай у Польшчы партыі «Права і справядлівасьць» такая важная міжнародная падзея была б трамплінам да перамогі на выбарах.
Амэрыканскія вайскоўцы ўжо прадставілі даволі дакладную карцінку ўзмацненьня амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Польшчы. У сярэдзіне сакавіка падчас прамовы ў Палаце прадстаўнікоў галоўнакамандуючы амэрыканскімі сіламі ў Эўропе генэрал Кэрціс М. Скапароці (Curtis M. Scaparrotti) заявіў: «Калі гаворка ідзе пра войскі, якія аблегчаць высадку дэсанту, штабы камандаваньня ды іншы пэрсанал, то патрэбная хутчэй пастаянная база, беручы пад увагу адносіны з Польшчаю й місію, якую выконваюць амэрыканскія жаўнеры ў краіне«. Насуперак назову Форт Трамп, гаворка ідзе не пра адну супэрбазу, а хутчэй пра ўзмацненьне сілаў, раскіданых па ўсёй дзяржаве, павелічэньне іх да 6 тыс. жаўнераў. Акрамя таго, значная частка гэтых адзінак перастане быць ратацыйнай, а стане пастаяннай.
Rzeczpospolita/нг