Logo Polskiego Radia
Print

Расея аптымізуе адносіны з Беларусьсю

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 12.04.2019 15:35
  • Расея аптымізуе.mp3
Менску не падабаецца такая аптымізацыя, Лукашэнка абвінаваціў Расею ў непартнэрскім стаўленьні.
Foto: ALEXEY NIKOLSKY/PAP/EPA

Беларускі кіраўнік зрэагаваў на сьвежую забарону з боку Крамля на пастаўкі беларускай садавіны ў Расею. Менск гразіцца спыніць расейскі транзыт нафты ў Эўропу. Адносіны паміж хаўрусьнікамі сталі вельмі напружаныя. Куды можа завесьці іх гэтая варожасьць?

Апошнім часам беларуска-расейскія стасункі нагадваюць адносіны не паміж саюзьнікамі, а канкурэнтамі ці нават варагуючымі бакамі. Колішнія партнэры абменьваюцца з большага абвінавачаньнямі ў адрас адзін аднаго. Расея заяўляе, што не гатовая выдзяляць крэдыт Беларусі на суму 600 мільёнаў даляраў, уводзіць рэгулярна забароны на пастаўкі тавараў з Беларусі.

Менск у адказ пагражае спыніць транзыт расейскай нафты ды заяўляе, што Расея адплачвае Беларусі злом за дабро.

На расейска-беларускія спрэчкі з непакоем глядзець у Польшчы. Польская прэса вось ужо другі месяц задаецца рэгулярна пытаньнем, ці Расея рыхтуецца праглынуць Беларусь? Польскія журналісты не выключаюць такі сцэнар. Маўляў пасьля Крыма ўсё магчыма.

Як глядзяць на не сьціхаючы канфлікт у Менску? Беларускія экспэрты падзеленыя ў сваіх ацэнках.

Так палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што сцэнар «анэксіі» вельмі верагодны.

Андрэй Фёдараў: Спрэчкі паміж хаўрусьнікамі адбываліся й раней, але цяпер сварка зацягнулася. Існуе пагроза анэксіі. Прычын некалькі. Гэта і праблема 2024-га года і жаданьне ва ўмовах падзеньня рэйтынга падвысіць яго маленькай пераможнай вайной. Жаданьне ўзмацніць сваё стратэгічнае становішча, адсунуўшы заходнюю мяжу далей на некалькі соцень кілямэтраў. Расея цяпер знаходзіцца ў канфрантацыі з Захадам ды шукае шляхі, каб сябе ўзмацніць.

У сваю чаргу Андрэй Казакевіч з Цэнтра палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» зазначае, што цяперашняе абвастрэньне мае эканамічны падмурак, а не ідзецца пра паглынаньне Беларусі Расеяй.

Андрэй Казакевіч: Я не падтрымліваю «алярміскую лінію». Расея з восені 2018-га года спрабуе прасунуць у Беларусі сваю лінію. У першую чаргу, гэта эканамічныя пытаньні. З боку Расеі ў дачыненьні да Беларусі ёсьць апраўданыя прэтэнзіі. Эканоміка – найбольш праблемная кропка для Беларусі. Масква спрабуе спыніць субсыдыі для беларускай эканомікі, і захаваць палітычны кантроль, захаваць Беларусь у арбіце сваёй зьнешняй палітыкі. Ня думаю, што цяпер ставіцца пытаньне, што Беларусь мусіць зьнікнуць як незалежная дзяржава. Для Масквы – гэта пытаньне аптымізацыі.

Расейскі бок спрабуе суцішыць настроі. Прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея не плянуе ўводзіць супраць Беларусі аніякіх санкцый. Расея ўсяго толькі праводзіць аптымізацыю сваіх стасункаў з Менскам, зазначаюць беларускія экспэрты. Як далёка зойдзе гэтая аптымізацыя пакуль ніхто не бярэцца прагназаваць, але занепакоенасьць у Беларусі назіраецца.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт