Logo Polskiego Radia
Print

Авіякатастрофа пад Смаленскам надалей дзеліць палякаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.04.2019 16:15
  • Авіякатастрофа пад Смаленскам надалей дзеліць палякаў.mp3
Грамадзкая думка падзеленая на тых, хто падазрае расейцаў у замаху на польскі эстаблішмэнт, і на тых, для каго катастрофа - звычайная маштабная трагедыя.
Wrak Tupolewa w SmoleńskuWrak Tupolewa w SmoleńskuPolskie Radio/Włodzimierz Pac

9 гадоў пасьля крушэньня прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам няма аднаго бясспрэчнага адказу на пытаньне, што там адбылося. Расейцы да гэтага часу не аддалі Польшчы абломкі Ту-154М і бартавога самапісцу, а супрацоўніцтва з польскім бокам ня складваецца.

Загінулі 96 чалавек - высокапастаўленых прадстаўнікоў улад, арміі, духавенства й грамадзкіх дзеячаў.

Сёньня палітыкі, грамадзкая думка падзяліліся на тых, хто падазрае расейцаў у замаху на тагачасны польскі эстаблішмэнт, і на тых, для каго смаленская авіякатастрофа зьяўляецца вельмі сумнай трагедыяй. Да гэтага дайшлі прэтэнзіі да папярэдняга ўраду за адсутнасьць адданасьці, рашучасьці й шчырага жаданьня высьвятліць прычыны авіякатастрофы.

Анджэй Мэляк, старшыня Катынскага камітэта і брат Стэфана Мэляка, які загінуў 10 красавіка 2010 году, сказаў, што толькі цяпер пракуратура й камісіі па расьсьледаваньні абставін смаленскай катастрофы выпраўляюць нядбайнасьць адказных установаў, якія працавалі над гэтай справай пры папярэднім урадзе.

А.Мэляк: Мазольная праца камісіі й пракуратуры прынесла мноства значных, хоць сумных, зьвестак. Былі праведзеныя эксгумацыі, якія гадамі забараняў папярэдні урад і папярэдняя пракуратура.

Варта адзначыць, што ня ўсе блізкія загінулых згаджаліся на эксгумацыі.

Сьледчыя правялі ў мінулым годзе эксгумацыі 83 ахвяр авіякатастрофы пад Смаленскам. Пракуратура паведаміла, што астанкі 70 чалавек былі знойдзены ў розных трунах ахвяр катастрофы, а два целы былі замененыя.

Старшыня Пастаяннага камітэту Рады міністраў Яцэк Сасін адзначае, што прайшло шмат гадоў ад катастрофы, і ніякія справаздачы ня высьветлілі прычыны крушэньня.

Я.Сасін: Хіба што ёсьць такія людзі, якія лічаць, што расьледаваньне Анодзінай (старшыня расейскага МАК) ці Мілера (старшыня польскай камісіі па расьледаваньні авіякастрофы) усё высьвятліла. Мяне сярод іх няма. Трэба быць вельмі наіўным, каб паверыць, што гэтыя справаздачы дастатковыя. Зьмешчаныя ў іх абсурды не сумадаюць ня толькі са здаровым сэнсам, але й з праведзенымі за гэтыя гады расьледаваньнямі.

Цяперашнія ўлады краіны абвінавачваюць папярэдні ўрад Дональда Туска найперш у тым, што самалёт надалей знаходзіцца ў Расеі. Але за тры гады пры ўладзе ПіС таксама ня здолеў забраць у расейцаў абломкі Ту-154М. Чаму?

Я.Сасін: Мы пачыналі гэтыя намаганьні амаль 6 гадоў пасьля трагедыі. За гэты час шмат здарылася. Польшча як краіна, урад Дональда Туска пагадзіўся на тое, каб расейцы трымалі доказы ажно да заканчэньня свайго расьсьледаваньня. А сьледзтва можа працягвацца мноства гадоў. Польшча такім чынам пазбавілася права на тое, каб распараджацца гэтымі доказамі.

Усё больш распаўсюджаным у польскай публічнай прасторы становіцца меркаваньне, што на прэзыдэнцкі самалёт быў зьдзейсьнены замах.

Гэтую вэрсію падтрымлівае доктар тэхнічных навук Казімеж Навачык (Kazimierz Nowaczyk), які ўзначальвае Падкамісію па расьледаваньні прычын смаленскай катастрофы.

У эфіры Польскага радыё ён заявіў, што праведзеныя ў Цэнтральнай крыміналістычнай лябараторыі паліцыі аналізы левага крылаТ У-154М пацьвердзілі наяўнасьць выбуховага рэчыва. Пацьвердзілі гэта таксама аналізы, праведзеныя лябараторыяй брытанскага Мінабароны (Forensic Explosives Laboratory).

К.Навачык: Вынікі ўтрымліваюць чарцяжы, з дапамогай якіх можна акрэсьліць, дзе было знойдзена выбуховае рэчыва й што гэта было. На аснове гэтага мы паведамілі аб магчымасьці замаху ў пракуратуру. Гэта было ў чэрвені мінулага году.

У заяве паведамляецца, што яшчэ ў 2013 годзе экспэрты лябараторыі паліцыі выявілі сьляды выбуховых рэчываў на 107 з 215 частак тэставага матэрыялу. Найбольш актыўным абаронцам тэзісу замаху 10 красавіка зьяўляецца былы міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч.

Мацярэвіч лічыць, што Камісія па расьледаваньні авіякастрофаў пад кіраўніцтвам Ежы Мілера зрабіла шмат парушэньняў.

А.Мацярэвіч: Аб гэтым сьведчаць размовы аб тым, як падрабіць экспэртызу фірмы Smolgiz, у якой сьцьвярджалася, што былі два выбухі. Чальцы (камісіі Мілера- рэд.) вырашылі, што немагчыма гэта прыняць да ведама й трэба замяніць у справаздачы камісіі слова „выбух” на слова „пажар”. Гэта адзін з прыкладаў, якія сьведчаць пра тое, што адбывалася цынічная падтасоўка фактаў. Мілер загадаў, што вынікі прац камісіі павінны быць такімі ж, як і вынікі расьсьледаваньня расейскай камісіі.

Да гэтай пары гэтак званая Камісія Мацярэвіча не падрыхтавала канчатковай справаздачы адносна прычын смаленскай авіякатастрофы. Чарговы раз называецца новы тэрмін завяршэньня расьледаваньня, якія ставіцца ў залежнасьць ад экспэртаў, якія супрацоўнічаюць з камісяй у ЗША і ў некалькіх эўрапейскіх краінаx.

А.Мацярэвіч: Нам абяцалі ў ЗША, што яны закончаць сваю працу да канца гэтага году. Пасьля гэтага нам спатрэбіцца яшчэ месяц для падрыхтоўкі канчатковай справаздачы. Іх работа зьяўляецца пацьвярджэньнем і праверкай вылічэньняў і аналітычных прац, якія праводзяцца ў Польшчы, а таксама дасьледчыкаў эўрапейскага калектыву, куды ўваходзяць вучоныя скандынаўскіх краін і Вялікабрытаніі.

Cацыёляг і дарадчык прэзыдэнта Польшчы, парфэсар Анджэй Зыбэртовіч, адзначае, што пасьля смаленскай авіякатастрофы мова публічных дэбатаў стала вельмі радыкальнай, жортскай і экстрэмальнай. Суразмоўца Польскага радыё лічыць, што пасьля 10 красавіка польскае грамадзтва востра падзялілася на групы, кожная зь якіх думае інакш пра Польшчу й бачыць яе будучыню.

А.Зыбэртовіч: За гэтыя 9 гадоў эмацыйны, псыхалягічны й на жаль, інтэлектуальны распад грамадзтва – так званая другая смаленская катастрофа, - настолькі глыбокі, што немагчыма, каб зажыліся раны пасьля першай катастрофы. Хаця прайшло столькі гадоў, многія палякі разгубленыя ня толькі ў адносінах да гэтай трагедыі.

Прафэсар Зыбэртовіч лічыць, што раскол у польскім грамадзтве не дазваляе дасягнуць кансэнсусу ў вызначэньні прычын смаленскай авіякастрофы.

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт