Logo Polskiego Radia
Print

Хваробы зьнішчаюць Вэнэсуэлу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.04.2019 16:03
Human Rights Watch: Сыстэма аховы здароўя ў Вэнэсуэле зусім абвалілася.
Photo:pixaby. com/ CC0 Public Domain

Сыстэма аховы здароўя ў Вэнэсуэле зусім абвалілася – б’е трывогу праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch. Больш за 300 тысячам хранічна хворых пагражае сьмерць, таму што няма асноўных лякарстваў.

Human Rights Watch за апошнія некалькі месяцаў правяла інтэрвію з вэнэсуэльскімі лекарамі, пацыентамі й экспэртамі па ахове здароўя. У падрыхтаванай на гэтай аснове справаздачы напісана «Сыстэма аховы здароўя ў Вэнэсуэле поўнасьцю абрынулася».

У выніку спыненьня праграмы абавязковай вакцынацыі, вяртаюцца інфэкцыйныя захворваньні, якіх ужо не было ў краіне: адзёр і дыфтэрыя, жудаснымі тэмпамі павялічваецца колькасьць хворых на сухоты і малярыю.

Адсутнасьць тэстаў віруса ВІЧ і скарачэньне лячэньня заражаных прычыняецца да распаўсюду віруса і сьмерці ад СНІДу. Не правяраецца нават кроў донараў на наяўнасьць віруса. Няма лекаў для хворых на анкалягічныя захворваньні, дыябэт і для людзей пасьля перасадак органаў.

У Вэнэсуэле забівае таксама голад. Дактары дзяржаўных шпіталяў заяўляюць, што ўсё часьцей ім прыходзіцца прымаць дзяцей і дарослых у стане крайняга недаяданьня і часта іх ужо немагчыма выратаваць.

Вэнэсуэле можа дапамагчы ўжо толькі ААН, аднак на гэта павінен дазволіць урад у Каракасе. А тым часам, Нікаляс Мадура, які ўжо ў лютым не прыняў гуманітарнай дапамогі, у далейшым кажа, што Вэнэсуэла «жабраваць ня будзе» і сама справіцца са сваімі праблемамі.

Вэнэсуэльскі крызыс адмоўна ўплывае на суседзяў. За апошнія тры гады з краіны зьехала 3 млн чалавек, паводле прагнозаў, яшчэ 4 млн гатовыя на такі крок. Многія зь іх пераносяць хваробы і абцяжарваюць мэдыцынскую службу суседніх краін.

Gazeta Wyborcza/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт