Ужо цяпер у Польшчы распачынаецца падрыхтоўка да 80-ай гадавіны пачатку Другой Сусьветнай вайны. Мерапрыемствы плянуюцца па ўсёй краіне аднак, галоўная ўвага будзе прыцягнутая да сталіцы Польшчы Варшавы й да партовага горада Гданьска, бо менавіта там прагучалі першыя выбухі апошняй вялікай вайны.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў на жалобныя ўрачыстасьці ў Варшаву кіраўнікоў усіх краінаў Эўрапейскага Зьвязу й лідэраў краінаў Усходняга Партнэрства – то-бок сярод запрошаных таксама апынуўся Аляксандар Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка будучы кіраўніком Беларусі на працягу ўжо амаль 25 гадоў ані разу не наведаў Польшчу з афіцыйным візытам. Такі стан рэчаў натуральным чынам вызначае павышаную ўвагу да запрашэньня польскага прэзыдэнта, якое ён накіраваў свайму беларускаму калегу.
Міжнародны аглядальнік польскай перадавіцы Rzeczpospolita Руслан Шошын перакананы, што дадзенае запрашэньне зьяўляецца пэўным выпрабаваньнем беларускай незалежнасьці.
Руслан Шошын: У выніку сьнежаньскіх падзей, тых гучных заяў Мядзьведзева, а цяпер і Бабіча, відавочна, на захадзе вырашылі падтрымаць Лукашэнку. Там вырашылі прыглядзецца, ці сапраўды Аляксандар Лукашэнка мае шчырыя інтэнцыі, ці ён сапраўды намагаецца манэўраваць, ці ён мае магчымасьць рэалізоўваць нейкую самастойную зьнешнюю палітыку. Безумоўна гэта ўсё пэўная спроба тэставаньня Беларусі й асабіста Аляксандра Лукашэнкі. (...)
Сустаршыня няўрадавай арганізацыі “Беларускі Дом” у Варшаве Алесь Зарэмбюк тлумачыць, якія чыньнікі паўплывалі на рашэньне кіраўніцтва Польшчы запрасіць да сябе Аляксандра Лукашэнку.
Алесь Зарэмбюк: Па-першае Лукашэнку запрасілі ў Варшаву на гэтыя ўрачыстасьці, таму што менавіта беларусы больш за ўсіх пацярпелі падчас Другой сусьветнай вайны, загінуў амаль кожны трэці. Па-другое, для палякаў вельмі важная беларуская незалежнасьць. Міжнароднае прызнаньне, удзел кіраўніцтва дзяржавы ў такіх мерапрыемствах падвышае вагу незалежнасьці. (...)
Лідэр беларускай апазыцыйнай партыі БНФ Рыгор Кастусёў заклікае Аляксандра Лукашэнку прыняць запрашэньне польскага прэзыдэнта.
Рыгор Кастусёў: У гэтым запрашэньні я бачу пазытыўныя зьмены й пазытыўную пэрспэктыву на збліжэньне Беларусі з ЭЗ. Кожны такі крок набліжае Беларусь да Эўропы. Калі для Лукашэнкі інтарэсы Беларусі маюць хоць нейкае значэньне, ён павінен туды паехаць! (...)
Аляксандар Лукашэнка ўжо ня ў першы раз атрымлівае запрашэньне на ўрачыстасьці зьвязаныя з важным датамі ў сусьветнай гісторыі. Летась прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон запрасіў беларускага кіраўніка паўдзельнічаць у адзначэньні стагодзьдзя заканчэньня Першай Сусьветнай вайны ў Парыжу. Аднак тады Аляксандар Лукашэнка не адважыўся праявіць незалежніцкую пазыцыю. Ўжо досыць хутка мы даведаемся, ці хопіць Аляксандру Лукашэнку палітычнай волі пайсьці супраць Крамля ды прыняць запрашэньне польскага лідэра.
Поўныя выказваньні ўдзельнікаў размовы слухайце ў далучаным зьверху гукавым файле
эж