Міцкевіч, Славацкі, Немэн, Ажэшка – гэта толькі некалькі прозьвішчаў выдатных прадстаўнікоў польскай культуры, якія нарадзіліся за межамі сёньняшняй Польшчы, адпаведна, і матэрыяльная спадчына, зьвязаная з імі, засталася часткова за мяжой. Вельмі шмат помнікаў польскай культуры знаходзяцца за межамі польскай дзяржавы. Дзеля таго, каб захаваць іх для нашчадкаў, год таму быў створаны Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой POLONIKA.
Галоўныя мэты ўстановы – дасьледаваньне, ахова і папулярызацыя польскай культурнай спадчыны. Гэта перш за ўсё гістарычная спадчына Рэчы Паспалітай Двух Народаў, у склад якой уваходзіла Вялікае Княства Літоўскае. Акрамя таго, на працягу стагодзьдзяў палякі па прычыне шматлікіх войнаў ды іншага ліхалецьця зьяжджалі са сваёй Айчыны ў самыя розныя куткі сьвету, там таксама засталася пасьля іх багатая культурная спадчына. Усё гэта неабходна захаваць, дасьледаваць і перадаць у добрым стане нашчадкам.
Палякі мала ведаюць пра культурную спадчыну сваёй краіны за мяжою, – распавядае дырэктар інстытуту POLONIKA Дарота Янішэўска-Якубяк (Dorota Janiszewska-Jakubiak).
Д. Янішэўска-Якубяк: Калі мы рыхтавалі стратэгію дзейнасьці нашай установы, мы вырашылі заказаць дасьледаваньне пра ахову нашай культурнай спадчыны за мяжою. Мы хацелі даведацца, як маладыя людзі ўяўляюць сабе польскую спадчыну за мяжою. Апытаньне праводзілася ў гімназіях ды сярэдніх школах. Мы пыталі пра простыя рэчы, паказвалі здымкі розных помнікаў, ці вучні іх ведаюць. Акрамя таго, мы стараліся даведацца, якім чынам найлепш перадаваць веды маладым.
Моладзь езьдзіць цяпер па сьвеце, многія людзі падарожнічаюць значна больш, чым пакаленьне іх бацькоў. Відаць, і веды пра польскую культурную спадчыну павінны быць большыя. Ці гэта так?
Д. Янішэўска-Якубяк: Згодна вынікам апытаньня, веды пра нацыянальную спадчыну Польшчы за мяжой у маладых людзей невялікія, таксама, дарэчы, як і сярод старэйшага пакаленьня. Нават настаўнікі прэзэнтавалі слабыя веды. Нават ня ўсе былі ў стане пазнаць на здымку віленскую Вострую браму. Справа ў тым, што ў падручніках інфармацыя пра гэтыя месцы як правіла даволі скупая. Вельмі мала гаворыцца пра гістарычную спадчыну Вільні, Львова іншых былых польскіх культурных цэнтраў. У якой форме моладзь хацела б атрымліваць інфармацыю? Перш за ўсё яе цікавяць сучасныя сродкі перадачы інфармацыі – фільм, комікс, блёг, відэаблёг і г.д. Многія казалі, што вельмі ахвотна ўдзельнічалі б у экскурсіях у дадзеныя месцы.
Некалькі гадоў таму прадстаўнікі ўладных структур высоўвалі такія прапановы – каб усе вучні старэйшых клясаў абавязкова пабывалі хаця б раз на экскурсіі за мяжой, на былых усходніх землях Рэчы Паспалітай. Ідэя пакуль застаецца толькі прыгожай ідэяй, можа, праблема ў фінансаваньні?
Д. Янішэўска-Якубяк: Калі пачнём пра гэта размаўляць, то можна скарыстаць досьведам некаторых кураторыяў асьветы. Наколькі мне вядома, у Кракаве вучні ўжо пачалі езьдзіць на экскурсіі, галоўным чынам ва Ўкраіну. Спэцыялісты нашага інстытуту будуць рыхтаваць сцэнары як гатовых урокаў – дапаможнікі для настаўнікаў на тэму польскай культурнай спадчыны за мяжою, так і сцэнары такіх паездак. Канкрэтную экскурсіі варта падрыхтаваць такім чынам, каб яна адпавядала праграме навучаньня, і была цікавай для школьнікаў. Вучні маглі б наведаць тыя месцы, што згадваюцца ў літаратурных творах, якія яны праходзяць. Важныя месцы, якія апісваюцца ў творчасьці Славацкага, Міцкевіча, Сянкевіча, а таксама Гэрбэрта, Гэмара, знаходзяцца за нашай усходняй мяжой.
Такія экскурсіі маглі б адбывацца таксама ў Беларусь, дзе выключна шмат помнікаў польскай культурнай спадчыны. Дастаткова прыгадаць хаця б Адама Міцкевіча, які многім палякам атаясамліваецца зь Летувой з-за фрагмэнту эпапэі «Пан Тадэвуш» «Літва. Мая Айчына». Варта, каб хаця б маладым яшчэ раз прыгадаць, што нарадзіўся і выхоўваўся вялікі паэт у Беларусі.
Д. Янішэўска-Якубяк: Адам Міцкевіч – гэта прыклад чалавека, які пакінуў выключны сьлед у польскай культурнай спадчыне за мяжой. Нарадзіўся ў Беларусі, вучыўся ў Вільні, жыў таксама ў Францыі, на Крыме, памёр у Турцыі. І такіх прыкладаў людзей, якія былі зьвязаныя зь некалькімі краінамі, ёсьць шмат. Засталіся пасьля іх матэрыяльныя помнікі – дамы, палацы, касьцёлы, творы мастацтва, якія былі зьвязаныя з дадзенымі асобамі.
Ня ўсе помнікі польскай культурнай спадчыны за мяжою знаходзяцца ў дрэнным стане. Многія аб’екты рэстаўраваныя, аб іх клапоцяцца ўлады той дзяржавы, на тэрыторыі якой яны знаходзяцца. Аднак ёсьць таксама помнікі, якім патрэбная неадкладная дапамога, рэстаўрацыя. І гэта – адна з задач Нацыянальнага інстытуту польскай культурнай спадчыны за мяжою POLONIKA. Нашым госьцем была дырэктар установы Дарота Янішэўска-Якубяк.
нг