Даўжэй за ўсіх на пэнсіі жывуць артысты, найменш - прадпрымальнікі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
12.03.2019 14:30
У сярэднім людзі ў Польшчы жывуць на пэнсіі 18 гадоў.
pixabay.com/CC0 Public Domain
Упраўленьне сацыяльнага страхаваньня (ZUS) абнародавала дадзеныя, хто і цягам якога тэрміну атрымлівае ў Польшчы пэнсію. У сярэднім людзі жывуць на пэнсіі 18 гадоў – піша «Dziennik Gazeta Prawna».
Даўжэй за іншых на пэнсіі жывуць артысты – 25 гадоў. На думку старшыні Зьвязу польскіх артыстаў, актора Паўла Крулікоўскага, гэтая прафэсія патрабуе адказнага падыходу да свайго здароўя, таму яе прадстаўнікі клапоцяцца пра сябе. У сваю чаргу дэмограф з Галоўнай гандлёвай школы Зофія Левандоўска-Швэда мяркуе, што артысты жывуць даўжэй на пэнсіі таму, што яны маюць права раней на яе выйсьці – жанчыны ва ўзросьце 40 гадоў, мужчыны – 45.
Доўга на пэнсіі жывуць таксама настаўнікі ды шахцёры. Першыя – 24 гады і 9 месяцаў, другія – на год даўжэй. Дарэчы, шахцёры таксама маюць права на ранейшую пэнсію.
У сваю чаргу карацей за іншых атрымліваюць пэнсію прадпрымальнікі. У сярэднім толькі 15 гадоў. Яны ня маюць права раней перастаць працаваць, але таксама адмоўна на іх здароўе ўплываюць нестабільны час працы і зьвязаны з ёй стрэс. Іншыя прафэсіі, прадстаўнікі якіх адносна коратка атрымліваюць пэнсію, гэта чыгуначнікі (18 г. і 9 м.) і ксяндзы (19 г. і месяц).
Dziennik Gazeta Prawna/нг