Нават дрэнны шпіталь немагчыма закрыць
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Natalia  Szymkowiak
                        
                        06.03.2019 16:35
                    
                                 
                
                
                    Амаль 1200 польскіх бальніц не ўвялі неабходных санітарных стандартаў.
                
                
                    
                        
Ілюстрацыйнае фотаPhoto: Parentingupstream/pixabay.com/CC0 Public Domain
                     
                
                
                
               
                
                         Узровень лячэньня і агулам сытуацыя ў службе аховы здароўя – гэта балючая тэма ў Польшчы, паколькі ў сыстэме хранічна не хапае сродкаў, яна дзейнічае ня так, як хацелі б жыхары краіны. «Dziennik Gazeta Prawna» паведамляе аб тым, што нават калі бальніца не адказвае стандартам, яе немагчыма закрыць. Амаль 1200 бальніц не ўвяло санітарных стандартаў, якія патрабуюцца дзяржаўнымі нормамі. У іх быў на гэта час да канца 2017 году. Тым ня менш, яны далей працуюць.
Каб іх не закрываць, Міністэрства аховы здароўя пераклала адказнасьць на санстанцыі. Калі кантралёры вырашаюць, што ўмовы ў дадзенай бальніцы не пагражаюць жыцьцю і здароўю пацыентаў, яны дазваляюць ёй працаваць. Да гэтае пары былі правераныя каля 800 устаноў аховы здароўя. У 164 былі зафіксаваныя сур’ёзныя парушэньні. Аднак толькі ў пяці выпадках былі закрытыя аддзяленьні або канкрэтныя палаты.
Ніхто не гарыць жаданьнем закрываць шпіталі. Па тэорыі, такое рашэньне павінны прымаць ваяводы, але яны не сьпяшаюцца гэта рабіць. На думку экспэртаў, у выніку нізкіх санітарных нормаў цяжка змагацца са шпітальнымі інфэкцыямі. У некаторых шпіталях у палатах няма халоднай і гарачай вады, мыла для мыцьця рук, у адной палаце ляжыць празьмерная колькасьць пацыентаў. Бальніцы мелі больш за 25 гадоў на павышэньне санітарных стандартаў, але многія гэтага не зрабілі.
Dziennik Gazeta Prawna/нг