Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская дзяржава павінна паклапаціцца пра тых, хто вучыўся за мяжою

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.03.2019 14:40
  • вучоба за мяжой.mp3
Агенцтва «Тваё заўтра» прадставіла дасьледаваньне, зьвязанае з праблемай працаўладкаваньня выпускнікоў замежных ВНУ.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons/TeroVesalainen

Для беларусаў вучыцца за мяжой – прэстыжна. Таму многія маладыя людзі імкнуцца выехаць на вучобу па-за межы Беларусі. Аднак часта ў іх узьнікае дылема пасьля навучаньня – застацца ў той краіне, якая стала на пару гадоў другой айчынай, ці вяртацца ў Беларусь. І многія не вяртаюцца, паколькі ў сваёй краіне яны як правіла не запатрабаваныя.

Агенцтва «Тваё заўтра» прадставіла сваё сацыялягічнае дасьледаваньне, зьвязанае з праблемай працаўладкаваньня беларускіх выпускнікоў замежных унівэрсытэтаў і стыпэндыяльных праграм. Значная колькасьць маладых беларусаў атрымліваюць эўрапейскую адукацыю, дзякуючы праграмам абмену і шэрагу эўрапейскіх фондаў, якія падтрымліваюць таленавітую моладзь, але, вяртаючыся ў Беларусь, яны маюць цяжкасьці з працаўладкаваньнем. Падрабязнасьці распавядае дырэктар агенцтва «Тваё заўтра» Іна Кулей.

І. Кулей: Наша мэта – зрабіць бачнай гэтую групу, патэнцыйна вельмі каштоўную для нашай дзяржавы. Дасьледаваньні праводзіліся ў рамках кампаніі «Заходні досьвед – інвэстыцыя ў разьвіцьцё». Мы хочам прыцягнуць увагу дзяржавы, грамадзтва да маладых беларускіх спэцыялістаў, якія хацелі б укласьці свае сілы ў эканоміку краіны, працаўладкавацца, адчуваць сябе сваімі ў грамадзтве. Ёсьць перашкоды: гэта, напрыклад, прызнаньне дыплёмаў. Чым ніжэйшая ступень адукацыі, тым прасьцей, але ў выпадку доктарскіх ступеняў трэба пераздаваць усе іспыты. Таму маладыя кандыдаты і дактары зьяўляюцца непрыдатнымі для нашых навучальных устаноў, яны застаюцца за мяжой.

У замежных навучальных установах вучыцца некалькі дзясяткаў тысяч маладых беларусаў. Абсалютная большасьць не вяртаецца пасьля вучобы на Радзіму, застаецца ў той дзяржаве, дзе вучыліся або пераяжджаюць у трэцюю краіну. Беларускія ўлады павінны прадумаць і прыняць цэлы комплекс мераў, якія дазволяць выкарыстаць высокі патэнцыял гэтых людзей, – адзначае доктар паліталягічных навук Анатоль Лысюк, кіраўнік групы дасьледчыкаў, якія правялі апытаньні.

А. Лысюк: Каля 35 тыс. вучыцца за мяжой. Гэта вельмі шмат. Нямногія вяртаюцца, асноўная маса не вяртаецца. Што неабходна зрабіць, каб яны захацелі вярнуцца ў нашу краіну, папрацаваць на сябе і на Беларусь? Калі мы гэта даведаемся, то зможам паставіць праблему на ўзроўні грамадзкім і на ўзроўні дзяржаўным. Мы ведаем, чаму яны не прыяжджаюць, мы прапануем сукупнасьць мераў, дзякуючы якім яны вернуцца. Перш за ўсё мы хочам, каб улады ўсьвядомілі гэтую праблему. Калі ўлады зразумеюць, што праблема ёсьць, яны змогуць распрацаваць адпаведную праграму. Самае галоўнае – каб гэтыя людзі на маральным узроўні разумелі, што яны патрэбныя сваёй Радзіме, акрамя таго, вельмі важна прапанаваць ім дастойныя працоўныя месцы, паколькі многія з іх валодаюць вельмі высокімі кампэтэнцыямі.

Дзяржава павінна быць зацікаўленая ў вяртаньні беларускай моладзі на Радзіму і прадстаўляць ёй роўныя магчымасьці, як і выпускнікам беларускіх навучальных устаноў. Гэтага, на жаль, няма. Наадварот, ёсьць недавер да такіх людзей, – працягвае Іна Кулей.

І. Кулей: Ёсьць насьцярожанасьць як ва ўладных структурах, так і ў грамадзтве да гэтых людзей. Лічыцца, што яны, калі ня здолелі застацца за мяжой, проста няўдачнікі, ім прыйшлося вярнуцца. Няма ў нас праграмы выхаваньня ў патрыятызьме, жаданьня паслужыць сваёй краіне, жаданьня быць тут прыдатным. Гэта трэба пачынаць з раньніх гадоў. Дзяржава мусіць акрэсьліць каштоўнасьць беларускага грамадзянства, укладу ў сваю Радзіму. Кожнага чалавека трэба проста песьціць, каб ён адчуваў сябе сваім дома.

У дасьледаваньні ўдзельнічалі дзьве групы рэспандэнтаў: экспэрты і грамадзкасьць. Яны адказвалі на пытаньні пра якасьць беларускай адукацыі, прэстыж вучобы за мяжою, магчымасьць вяртаньня на Радзіму асоб, якія атрымалі адукацыю ў заходніх краінах. На думку экспэртаў, сярод тых, хто вучыўся за мяжою, у Беларусі могуць быць запатрабаваныя эканамісты, фінансісты ды кіраўнікі ў розных сацыяльных сфэрах. Што цікава, экспэрты адзначалі, што працоўныя месцы для іх могуць знайсьціся хутчэй не ў дзяржаўных структурах, а ў малым ды сярэднім бізнэсе.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт