Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы зьмяншаецца колькасьць легальных працаўнікоў з Украіны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.02.2019 14:43
На другім месцы пасьля ўкраінцаў - нэпальцы, якія занялі месца беларусаў.
Даведнік для грамадзянаў Украіны ў Польшчы, выдадзены фондам "Наш Вибір". Даведнік для грамадзянаў Украіны ў Польшчы, выдадзены фондам "Наш Вибір". naszwybir.pl

«Dziennik Gazeta Prawna» піша: зьмяншаецца колькасьць іншаземцаў, якія плацяць у Польшчы ўзносы на сацыяльнае страхаваньне. У студзені іх было 558 тыс., на 11 тыс. менш, чым у сьнежні. Падае колькасьць застрахаваных украінцаў, калі дагэтуль яна з кожным годам расла.

Адны спэцыялісты кажуць, што яшчэ зарана казаць пра зьмяншэньне іміграцыі з-за ўсходняй мяжы, іншыя заўважаюць, што ёсьць ужо такая тэндэнцыя. Па словах Цэзары Казьмерчака са Зьвязу прадпрамыльнікаў і працадаўцаў, па-першае, у краінах за ўсходняй мяжой Польшчы паляпшаецца эканамічная сытуацыя, па-другое, бюракратычныя працэдуры адпужваюць некаторых патэнцыйных працаўнікоў, скажам, з Украіны, і па-трэцяе, многіх працаўнікоў перацягваюць да сябе заходнія краіны, між іншым, Нямеччына.

У мінулым годзе зафіксаваны чарговы рэкорд колькасьці іншаземцаў, якія прыехалі ў Польшчу на працу, хаця ня так лёгка гэта падлічыць, паколькі былі ўведзеныя зьмены ў заканадаўства. Тым ня менш, паводле падлікаў Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі, на працягу году прыехала каля 1,4 млн. мігрантаў. На першым месцы як звычайна ўкраінцы, ім выдадзена каля 73% усіх дазволаў на працу (аднак на 9% менш, чым годам раней). Усё больш працаўнікоў прыяжджае з азіяцкіх краін, ім было выдадзена больш за 50 тыс. дазволаў. Гэта галоўным чынам грамадзяне Нэпалу, Індыі, Банглядэшу, Азэрбайджану, Узбэкістану, Казахстану. Цікава тое, што дазволы атрымала каля 20 тыс. нэпальцаў – у тры разы болей, чым годам раней. Яны занялі другое месца, якое дагэтуль належала беларусам.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт