Кожны год салодкія напоі забіваюць 1,4 тысячы чалавек
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
21.02.2019 15:04
На думку экспэртаў, цяпер мы на самым пачатку сапраўднай эпідэміі цукровага дыябэту.
Pixabay.com/CC0 Creative Commons
Ахвярай нерацыянальнага харчаваньня становяцца ўсё маладзейшыя жыхары Польшчы – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Нацыянальны фонд аховы здароўя і Галоўнае ўпраўленьне статыстыкі прадстаўляюць сёньня даклад на тэму наступстваў шкоднага харчаваньня. З дакумэнтам пазнаёміліся ўжо журналісты выданьня. Аказваецца, што з 2012 году ў два разы вырасла колькасьць дзяцей з павышаным артэрыяльным ціскам, растуць кошты лячэньня цукровага дыябэту. На працягу некалькіх гадоў колькасьць асоб, якія пакутуюць ад хваробаў, зьвязаных з празьмернай вагай, вырасла на некалькі соцень тысяч чалавек.
Кожны год салодкія напоі забіваюць 1,4 тысячы чалавек. А кошты залежнасьці ад цукру – гэта мільярды злотых. На думку экспэртаў, цяпер мы на самым пачатку сапраўднай эпідэміі цукровага дыябэту. Рост лічбы захворваньняў зьвязаны непасрэдна з павялічэньнем колькасьці тоўстых людзей. Галоўнай прычынай атлусьценьня зьяўляецца празьмернае спажываньне цукру. Гаворка ідзе ня толькі пра рафінаваны цукар, які мы самі дабаўляем у ежу, але таксама пра цукар у напоях. Паводле статыстычных дадзеных, за апошнія 10 гадоў спажываньне рафінаванага цукру-пяску ўпала на 5,7 кг. на чалавека, але пры гэтым вырасла спажываньне цукру ў іншай форме – на 11,8 кг. Значна вырасла колькасьць салодкіх напояў, якія спажываюць палякі. А салодкія напоі, на думку экспэртаў, зьяўляюцца тым фактарам, які прыносіць найбольшую шкоду здароўю. Галоўнае ўпраўленьне статыстыкі правяло глыбокі аналіз стану здароўя людзей, якія рэгулярна п’юць салодкія напоі. Такія асобы жывуць у сярэднім на 15 гадоў менш, чым тыя, хто аддае перавагу чыстай вадзе або несалодкім напоям.
У Польшчы ўжо некалькі гадоў ідзе дыскусія аб неабходнасьці ўвядзеньня падатку на шкоднае харчаваньне, але пакуль што ўлады не рашыліся на такі радыкальны крок.
Dziennik Gazeta Prawna/нг