Ці мэры польскіх гарадоў атрымаюць сваіх целаахоўнікаў?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
20.02.2019 13:35
На сьвеце ёсьць розныя мадэлі працы муніцыпальнай паліцыі, урад намераны пазнаёміцца з чаканьнямі лякальных палітыкаў.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
У Польшчы абмяркоўваецца тэма павышэньня бясьпекі высокапастаўленых муніцыпальных дзеячаў (нагадаем, у студзені псыхапат забіў нажом мэра Гданьска Паўла Адамовіча). Урад гатоў надзяліць новымі паўнамоцтвамі функцыянэраў гарадзкой варты, пра што ішла гаворка на сустрэчы прадстаўнікоў ураду і муніцыпальных органаў – піша «Dziennik Gazeta Prawna».
Бакі дамовіліся, што да канца сакавіка самаўрады павінны прадставіць сваё меркаваньне на тэму пашырэньня кампэтэнцыі гарадзкой варты, каб яна магла ахоўваць муніцыпальных палітыкаў. Цяпер Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі чакае адказу муніцыпальных органаў. Па словах віцэ-міністра Паўла Шэфэрнакэра, на сьвеце ёсьць розныя мадэлі працы муніцыпальнай паліцыі, урад намераны пазнаёміцца з чаканьнямі лякальных палітыкаў.
Апазыцыя таксама кажа пра неабходнасьць зьмяніць мадэль функцыянаваньня гарадзкой варты, але ў іншым накірунку. На думку Яцэка Протаса з «Грамадзянскай плятформы», неабходна правесьці рэформу гарадзкой варты, але вельмі асьцярожна трэба падыходзіць да пытаньня пашырэньня яе кампэтэнцыі.
У большасьці краін Эўрапейскага Зьвязу муніцыпальныя палітыкі ня маюць сваіх целаахоўнікаў. Тым ня менш, яны могуць хадайнічаць за прызнаньне аховы, калі мяркуюць, што іх жыцьцё або здароўе знаходзяцца ў небясьпецы. А, напрыклад, у Галяндыі мэраў ахоўваюць на працоўным месцы, падчас афіцыйных сустрэч і выступленьняў, а нават дома. У ЗША мэраў як правіла ахоўвае паліцыя.
Dziennik Gazeta Prawna/нг