Logo Polskiego Radia
Print

"Валюта заўсёды была інструмэнтам палітычнай інтэграцыі, а не эканамічнай"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.01.2019 16:50
Экспэрт: Беларусь застанецца больш прывабнай для інвэстараў, калі будзе весьці самастойную эканамічную палітыку.
Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Працяг тэмы, якую закранаюць СМІ ўжо некалькі тыдняў – ці Беларусь будзе паглынутая Расеяй. Кіраўнік расейскай дыпляматыі Сяргей Лаўроў у сераду нечакана склікаў прэс-канфэрэнцыю і заявіў, што стварэньне сумесных зь Беларусяй канстытуцыі, суду ці парлямэнту пакуль што немагчыма – нагадвае «Rzeczpospolita». І дадаў, што на сьнежаньскай сустрэчы А. Лукашэнкі з У. Пуціным ішла гаворка пра ўвядзеньне адзінай валюты, крэдытнай і падатковай палітыкі.

Аўтар артыкулу піша пра гісторыю беларускіх нацыянальных грошай, да якіх у беларускім грамадзтве да нядаўняга часу не было высокага даверу (пераважна з-за высокай інфляцыі), але калі ў 2016 годзе была праведзеная дэнамінацыя, вера беларусаў ва ўласную валюту пачала вяртацца.

На думку старшыні Цэнтра імя Адама Сміта Анджэя Садоўскага, увядзеньне ў Беларусі расейскага рубля насіла б выключна палітычны характар, было б пачаткам паглынаньня Беларусі Расеяй. «Валюта заўсёды была інструмэнтам палітычнай інтэграцыі, а не эканамічнай. Беларусь застанецца больш прывабнай для інвэстараў тады, калі будзе весьці самастойную эканамічную палітыку», – кажа Садоўскі. Аднак беларуская эканоміка моцна залежыць ад расейскай.

Некалькі дзён таму прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў прыгадаў пра беларускія даўгі адносна Расеі – больш за 6,5 млрд даляраў. У такой сытуацыі, адзначае старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі, Беларусь ня можа разьлічваць на Эўрапейскі Зьвяз, які яшчэ нядаўна ўводзіў санкцыі супраць краіны. На ягоную думку, Беларусь засталася ў адзіноце з магутнымі праблемамі перабудовы эканомікі, уваходжаньня на новыя рынкі, пошуку магчымасьці каапэрацыі з замежнымі кампаніямі.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт