Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўскі сьлед Магдалены Радзівіл

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 17.01.2019 16:45
  • 0117 Варшаўскі мост - В. Хурсік - М. Радзівіл. Ч. 1.mp3
Пра жыцьцё мэцэнаткі беларускага руху пачатку ХХ ст. у сталіцы Польшчы расказвае Віктар Хурсік.
Вокладка кнігі Віктара Хурсіка пра Магдалену Радзівіл «Vale!»Вокладка кнігі Віктара Хурсіка пра Магдалену Радзівіл «Vale!»Фота: facebook.com/Khursik

У канцы 2018 года ў Менску выйшла першае дасьледаваньне пра Магдалену Радзівіл — вядомую мэцэнатку беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст. — пад назвай «Vale!»

Магдалена Радзівіл, як вядома, нарадзілася ў Варшаве. Але вядома гэта толькі тым, хто спэцыяльна займаўся дасьледаваньнем яе жыцьця. Аўтар кнігі пра мэцэнтаку Віктар Хурсік расказаў больш падрабязна пра варшаўскі пэрыяд у лёсе гэтай жанчыны. Якія мясьціны сёньня ў Варшаве пра яе напамінаюць?

Менскія
Менскія дасьледчыкі гісторыі Беларусі Ігар Кузьняцоў і Віктар Хурсік. Фота: facebook.com/Khursik

Віктар Хурсік: Жыцьцё беларускай эліты XIX ст. не ўявіць без Варшавы! Бяз Польшчы! Як і сёньня беларусы траплялі зь Менска за мяжу, каб падыхаць вольным паветрам, як і сёньня на наведваньне Варшавы патрабаваўся пашпарт і адпаведны дазвол тагачаснай расейскай улады. Так было і ў часы Магдалены Радзівіл.

Бацька Магдалены Радзівіл менскі абшарнік і археоляг Ян Завіша меў выдатную адукацыю і быў ужо жаніхом ва ўзросьце, калі яму параілі зазірнуць у варшаўскі салён пані Сабалеўскай. Гэты салён не абмінаў ніводны варшавянін, які марыў далучыцца да вышэйшага сьвету і польскага двара расейскага імпэратара. У салён прыходзілі, каб пазнаёміцца, стварыць сям’ю.

Апынуўшыся ў Варшаве, Ян вырашыў паказаць сябе мужчынам і скарыў самую прыгожую кветку гэтага салёна – унучку самой пані Сабалеўскай — Марыю. Так у 1852 годзе фрэйліна двара яго высокасьці імпэратара Мікалая І Марыя Квілецкая стала жонкай беларуса Завішы, а празь дзевяць гадоў у іх нарадзілася трэцяя жывая дачушка, вядомая нам пад імем Магдалены.

Для маладой сям’і Ян набыў у Варшаве палац Пшабяндоўскага на вул. Бялянскай, 14. Падчас Другой сусьветнай вайны палац пацярпеў, але быў адноўлены. Цяпер у ім, па новым адрасе — алея «Салідарнасьці», 62 — знаходзіцца Музэй Незалежнасьці.

Радзівіл — прозьвішча пані Магдалены па мужу. Раскажыце пра яго.

Віктар Хурсік: Жыцьцё ня песьціла вялікую беларуску. Маці яе недалюблівала. Перш чым атрымаць прозьвішча Радзівілаў, Магдалена пасьпела пахаваць свайго бацьку, а таксама першага мужа — графа Людвіка Красінскага. Ад шлюбу засталася ўлюбёнка дачка Людвіка. Гэтым і вымяраецца яе жыцьцёвы прасьцяг у Варшаве. Паводле запавету бацькі, яна стала ўладальніцай агромністай спадчыны ў Беларусі, а паколькі муж Людвік адпісаў свае польскія багацьці дачцэ, то, па-сутнасьці, у яе і кута свайго ў Варшаве не засталося. Яна вымушана перабралася ў свае маёнткі на Меншчыну. Жыла і кіравала імі, як магла. Тагачасная польская думка ўспрымала яе жыцьцёвыя калізіі, як нармальную зьяву.

Магдалена страціла давер у беларускай і вялікапольскай шляхты пасьля таго, як пабралася шлюбам з малодшым за яе на 19 гадоў маладым сымпатычным афіцэрам расейскай арміі. Ён насіў прозьвішча Радзівіл. Пры гэтым засьведчыла перад польскамоўнай публікай, што як яна, так і яе муж зьяўляюцца беларусамі. Можна ўявіць гнеў тагачаснага грамадзтва, дзе сярэднія і больш заможныя слаі ўжо бачылі сябе жыхарамі другой Рэчы Паспалітай! Якая Беларусь?! «Распусная баба», «княгіня-хлапаманка» — інакш яе і не называлі.

У сваіх пачатковых грамадзкіх імкненьнях Магдалена і Мікалай Радзівілы былі самотныя. Шлях да стварэньня незалежнай дзяржавы (накшталт ВКЛ) тагасныя палітыкі Беларусі (а гэта было кола дэпутатаў-каталікоў ад заходніх губерань у расейскай Дзярждуме на чале з Эдвардам Вайніловічам) высьмейвалі, не лічылі сур’ёзным.

Пачалі практычную работу па адраджэньні шасьці губерань Паўночна-Заходняга краю муж і жонка Радзівілы. Незалежнасьць бачылася ім у форме новага дзяржаўнага ўтварэньня пад назвай Край. Стрыжнем працы стала падтрымка за кошт прыбытку Магдаленіных маёнткаў Кухцічаў і Жорнаўкі беларускамоўнага і літоўскага друку, беларускамоўных падпольных школ, стыпэндый для беларускіх і літоўскіх сьвяшчэньнікаў. Грошы выдаваліся гатоўкай, таемна. Імі карысталіся і некаторыя палітычныя дзеячы. Хаця ніякіх рэальных уплывовых партый адраджэнскага кірунку не існавала. Беларусы былі разрозьненыя.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт