Logo Polskiego Radia
Print

Стаўленьне Польшчы да краін за ўсходняй мяжой адыграла вялізную ролю ў гісторыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.01.2019 13:53
  • усходняя палітыка.mp3
Палітоляг П. Коваль: "Усходняя палітыка вырашала аб тым, ці польская дзяржава будзе існаваць, будзе незалежнай".
pixabay.com

У Польшчы існуе такое паняцьце, як «усходняя палітыка», гэта значыць, адносіны з краінамі за ўсходняй мяжой дзяржавы, якія могуць непасрэдным чынам уплываць на пазыцыю Польшчы ў сьвеце. Так мяркуюць многія польскія палітыкі, у тым ліку Павал Коваль, які выдаў кнігу, прысьвечаную менавіта ўсходняй палітыцы.

Няма «заходняй» палітыкі, але ёсьць «усходняя». Палякі заўсёды з большай або меншай доляй занепакаеньня пазіраюць на ўсход, назіраюць асабліва за тым, што адбываецца ў Расеі, але таксама ва Ўкраіне, у Беларусі. Гэта абгрунтавана тым, што часта ад дзяржаваў з-за ўсходняй мяжы залежыць, у якім напрамку ідуць падзеі ў Польшчы, – кажа Павал Коваль.

П. Коваль: Усходняя палітыка адыграла асаблівую ролю. Такое паняцьце, як «усходняя палітыка» існуе таксама ў Нямеччыне або Ватыкане. Для палякаў гэта было тое, што вырашала аб тым, ці іх дзяржава будзе існаваць, ці будзе незалежнай. Калі вернемся ў часы Першай сусьветнай вайны, то трэба нагадаць, што заходнія межы былі вызначаныя падчас міжнароднай канфэрэнцыі, а ўсходнія межы і агулам адносіны з усходнімі суседзямі залежалі ад таго, як польскія палітыкі змаглі дамовіцца са сваімі суседзямі. На жаль, не ўдалося так, як мы хацелі.

У такім выпадку ў чым цяпер заключаецца польская ўсходняя палітыка, і з якімі партнэрамі яе неабходна праводзіць?

П. Коваль: Гэта не датычыць толькі геаграфіі, датычыць таксама тоеснасьці, адносін з краінамі, з якімі мы калісьці ўваходзілі ў склад адной дзяржавы – Першай Рэчы Паспалітай. Гэта значыць, Летува, Беларусь, Украіна. А таксама важная гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. Заўсёды паяўляецца пытаньне, ці сёньняшняя Летува зьяўляецца прамым спадкаемцам той Літвы. Нельга забываць, што ВКЛ было нечым накшталт малога Эўрапейскага Зьвязу. Усходняя палітыка павінна ўключаць у сябе гэтую традыцыю, нагадваць таксама пра палякаў, якія па нейкіх прычынах засталіся за ўсходняй мяжой, памятаць пра трагічныя падзеі, у якіх гінулі палякі, а таксама прыгадваць найноўшую гісторыю, калі ў выніку распаду Савецкага Саюзу нам удалося наладзіць добрыя, мірныя адносіны з краінамі, з якімі мы раней былі ў адной дзяржаве або ваявалі.

Здараецца, што жыхары краін, якія калісьці ўваходзілі ў склад Першай Рэчы Паспалітай, вінавацяць палякаў, што яны глядзяць на іх з вышыні, нярэдка бяруцца павучаць, як тыя павінны жыць.

П. Каваль: Мы павінны гэта зьмяніць у сабе. Я згодны, што існуе нешта такое, як польскі арыенталізм, гэта значыць, патэрналістычны падыход да нашых суседзяў на ўсходзе. Гэта назіраецца на розных узроўнях, у розных сытуацыях, як эканамічных, так і палітычных. Існуе важная ўмова, ад якой залежыць посьпех нашай усходняй палітыкі – мы павінны забыць пра такі падыход. З боку нашых усходніх партнэраў існуе нямала затоеных крыўдаў, балючых успамінаў, калі Польшча аднеслася да іх як да менш дасьпелых, менш значных дзяржаў. Мы часам не разумеем гэтых крыўдаў, але калі б мы прысьвяцілі тэматыцы больш увагі, то маглі б іх лепш зразумець і зьмяніць стаўленьне.

Цяпер краіны за ўсходняй мяжой Польшчы ўжо замацавалі сваю пазыцыю на міжнароднай арэне, у іх усё менш комплексаў, зьвязаных з малым досьведам незалежнай дзяржаўнасьці. І цяпер Польшчу ды Ўкраіну ці Летуву, у меншай ступені Беларусь, можа зьвязваць супольны недавер у адносінах Расеі, а нават боязь расейскага імпэрыялізму.

П. Коваль: У польскай палітычнай традыцыі антыімпэрыялізм адыгрывае вялізную ролю. Мы ведаем, што калі імпэрыя распадзецца, то гэта гарантуе свабоду нашу і вашу. Калі ж нам удасца ўцячы, а іншыя застануцца ў межах імпэрыі, то раней ці пазьней імпэрыя паглыне і нас саміх. Менавіта такі падыход палітолягі называюць прамэтэізмам. Ён усё яшчэ актуальны, і дзякуючы яму было створана Ўсходняе партнэрства. Мы меркавалі: так бы зрабіў князь Адам Чартарыскі, так бы зрабілі Ежы Гедройц, Лех Качыньскі або Яна Павал ІІ. Гэтыя вялікія палітыкі і дзеячы займаліся ўсходняй палітыкай, у іх былі выдатныя ідэі, і дзякуючы моцнай пазыцыі Польшчы ў Эўрапейскім Зьвязе ўдалося стварыць Усходняе партнэрства. Адны яго прадпасылкі спрацавалі, іншыя не, але яно было ў вялікай ступені заснавана на добрай польскай традыцыі.

Сёлета Ўсходняе партнэрства будзе адзначаць ужо 10-годзьдзе свайго існаваньня. А пра польскую палітыку, накіраваную на дзяржавы за ўсходняй мяжой, разважаў доктар палітычных навук Павал Коваль, які выдаў кніжку пра ўсходнюю палітыку пад загалоўкам «Запавет Прамэтэя» («Testament Prometeusza»).

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт