Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ў шоку пасьля забойства мэра Гданьска

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.01.2019 12:43
  • шок ад сьмерці мэра.mp3
Шэсьці супраць насільля прайшлі ў польскіх гарадах, словы спачуваньня надыходзяць з самых розных куткоў сьвету.
Сьвечкі перад гарадзкой ратушай у ГданьскуСьвечкі перад гарадзкой ратушай у ГданьскуPAP/Adam Warżawa

Польшча ў шоку пасьля забойства мэра Гданьска Паўла Адамовіча. Нагадаю, кіраўнік прыморскага гораду быў забіты бандытам у нядзельны вечар, калі Адамовіч браў удзел у фінальным мерапрыемстве Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі.

Народжаны ў Гданьску, юрыст, мэр гораду, закаханы ў Гданьск. Прыхільнік моцнай муніцыпальнай улады, разьвіцьця мясцовай дэмакратыі. Мэр Гданьска памёр пасьля поўдня ў панядзелак ад нанесеных цяжкіх раненьняў, атрыманых ад 27-гадовага крымінальніка, які нядаўна выйшаў з турмы. Паўлу Адамовічу было 53 гады, ён кіраваў Гданьскам больш за 20 гадоў. Многія ягоныя знаёмыя, супрацоўнікі падкрэсьліваюць, што гэта быў вельмі адкрыты, ветлівы чалавек, які не баяўся людзей, заўсёды выходзіў ім насустрач, выступаў супраць антыіміграцыйнай рыторыкі ў Польшчы.

Трагічнае здарэньне выклікала шок у польскім грамадзтве, як у насельніцтве, так і палітычным лягеры. Людзі нясуць сьвечкі і кветкі між іншым да будынку гарадзкой ратушы ў Гданьску, дэманстрацыі супраць насільля прайшлі таксама ў іншых гарадах, словы спачуваньня надыходзяць з самых розных куткоў сьвету. Жыхары Гданьска ўдзельнічалі ў шэсьці супраць нянавісьці, на дэманстрацыі выступіла між іншым віцэ-мэр гораду Аляксандра Дулькевіч:

А. Дулькевіч: Спадар мэр з усьмешкай. Заўсёды гатовы сустрэцца з іншым чалавекам, гатовы перагледзець свае погляды, калі гэта магло паслужыць добрай справе. І пры гэтым заўсёды верны свайму Гданьску.

З Брусэля прыляцеў у Гданьск былы прэм’ер-міністар, старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск. Ён выступіў на дэманстрацыі супраць насільля, зьвярнуўся таксама да памерлага мэра Гданьска: «Мы тут з табой, твае сябры. Ты чакаў так доўга, да гэтай трагічнай хвіліны, каб убачыць ужо адтуль, зьверху, колькі ў цябе сяброў. Тут, у Гданьску, у цябе дзясяткі тысяч сяброў», – казаў Туск.

Д. Туск: Кожны жыхар Гданьска памятае цябе з тваёй раньняй маладосьці. Ты заўсёды быў там, дзе трэба было паказаць добры і адважны твар, выступіць супраць зла. Усё тваё жыцьцё ў гэтым заключалася.

Прэзыдэнт Анджэй Дуда ўшанаваў хвілінай маўчаньня памяць Паўла Адамовіча. Галава польскай дзяржавы сустрэўся з палітыкамі розных палітычных груповак. Дуда прыняў рашэньне, што дзень пахаваньня Паўла Адамовіча будзе днём нацыянальнай жалобы. Ён таксама прасіў, каб старацца не палітыкаваць дадзенае трагічнае здарэньне, якое стала жахлівым ударам ва ўсіх людзей, якія хочуць рабіць дабро.

А. Дуда: Я заклікаю стрымацца ад усялякіх камэнтароў, асабліва ад меркаваньня, што забойства было нейкім чынам зьвязанае з паводзінамі палітыкаў. Я прашу стрымацца цяпер ад палітыкі. Забойства мэра Гданьска адбылося падчас фіналу дабрачыннай акцыі, калі мэр стаяў на сцэне разам з іншымі жыхарамі гораду, цешыўся, што чарговая акцыя прайшла пасьпяхова. Гэта быў жахлівы ўдар таксама ў нашу супольнасьць, супольнасьць усіх людзей, якія хочуць рабіць дабро. У той дзень здарылася жахлівае зло.

Адмысловае богаслужэньне за памерлага Паўла Адамовіча прайшло ў Варшаве. У набажэнстве ўдзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, у тым ліку прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, старшыня Сэнату. Каталіцкі кардынал Казімеж Ныч заклікаў усіх палітыкаў запытаць сваё сумленьне, ці яны зрабілі ўсё, каб такіх здарэньняў не было.

К. Ныч: Мы павінны падумаць, запытаць сваё сумленьне, ці мы заўсёды з любоўю адносімся да бліжняга чалавека, ці мы заўсёды думаем падчас сваёй дзейнасьці пра дабро, якое яна можа прынесьці грамадзтву. Палітыкі павінны сказаць рашуча «Не!» усялякай нянавісьці, падзелам, прадузятасьці. У сваю чаргу сказаць «Так!» братэрскай любові, адзінству.

Яанна Шэрынг-Вельгус (Joanna Scheuring-Wielgus) з дэпутацкага кола Teraz! прапануе, каб на заўтрашнім паседжаньні Сэйму (ніжэйшай палаты парлямэнту) быў прыняты адмысловы дакумэнт, прысьвечаны барацьбе з моўнай траўляй, мовай нянавісьці сярод палітыкаў. Дэпутатка нагадала, што адпаведны законапраект быў унесены ў Сэйм некалькі гадоў таму, але застаўся без адказу.

Я. Шэрынг-Вельгус: Я зьвярнуся да маршала Кухціньскага, каб мы заўтра тут, у залі паседжаньняў, прынялі гэтую ўхвалу адзінагалосна. Я вельмі хацела б, каб так сталася, паколькі хэйт зьяўляецца таксама кашмарам гэтых сьцен, будынку парлямэнту. Перад тым, як мы, дэпутаты, пачнём каго-небудзь павучаць, мы павінны пачаць зь сябе, я вельмі хацела б, каб так сталася.

Сакратар кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» Бэата Мазурэк адказала, што яна не выключае прыняцьця адпаведнай ухвалы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт