У Польшчы ў нядзелю прайшла буйнейшая дабрачынная акцыя “Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі”. Падчас мерапрыемства ў грамадзкіх месцах у краіне й за мяжой адбываецца збор сродкаў, якія накіроўваюцца для патрэб службы аховы здароўя й мэдыцыны.
У буйнейшай у Польшчы дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі» сабрана 92 млн злотых (больш за 21 млн 445 тыс. эўра). Гэта, дарэчы, чарговы рэкорд, калі казаць пра суму, якую ўдалося сабраць.
Мерапрыемства традыцыйна адбываецца пасьля зімовых сьвятаў з 1993 года, і таму ў назве ёсьць прыметнік “сьвяточны”. Сёлета прайшла 27-я па ліку акцыя.
120 тыс. валянтэраў, сярод якіх шмат моладзі й школьнікаў, на вуліцах гарадоў і вёсак, у гандлёвых цэнтрах, на транспарце, вакзалах і ў іншых грамадзкіх месцах зьбіралі грошы. Кожны жадаючы мог кінуць у скарбонку любую суму, нават самую дробную, а ўзамен атрымаць налепку – чырвонае сэрца, якую можна наклеіць, напрыклад, на вопратку. Сёлета акцыя прайшла ў Польшчы ды многіх краінах сьвету, а каардынацыяй працы валянтэраў займалася 1700 пунктаў у краіне й за мяжой. Журналіст Польскага радыё сустрэўся зь валянтэрамі на вуліцы й запытаў, чаму яны гэта робяць.
Валянтэр 1: Каб дапамагаць людзям, канешне.
Валянтэр 2: Гэта нацыянальнае сьвята – удзел у акцыі я прымаю шмат гадоў.
Валянтэр 3: Я зьяўляюся валянтэрам падчас розных акцый, і не змагла ня быць цяпер. Зразумела, трэба цёпла апрануцца.
Валянтэр 4: Мая мэта – каб скарбонка была як мага лягчэйшая, - каб людзі кідалі ў яе адно банкноты, не манэты.
За парадкам і бясьпекай валянтэраў традыцыйна сочыць паліцыя, якая падчас акцыі выслала на вуліцы гарадоў большую колькасьць патрулёў, сказаў прадстаўнік Люблінскага ваяводзкага ўпраўленьня паліцыі Каміль Карбаўнічак.
Каміль Карбаўнічак: Паліцыя сочыць за тым, што адбываецца. Мы просім валянтэраў, каб у выпадку няштатнай сытуацыі адразу ж нам пра яе паведамлялі. Мы таксама заклікаем іх зьбіраць грошы ў бясьпечных месцах, напрыклад, там, дзе ёсьць шмат людзей.
Сёлетняя акцыя прайшла пад лёзунгам “Дапамагаць – па-дзіцячаму проста”. Сабраныя грошы будуць накіраваныя на пакупку мэдычнай апаратуры й тэхнікі для 50-і дзіцячых шпіталяў у Польшчы.
Грошы зьбіраліся ня толькі на вуліцах, але й на аўкцыёнах. Так, сусьветнавядомы польскі футбаліст Робэрт Левандоўскі на аўкцыён выставіў сустрэчу і ланч для двух чалавек.
Удзел у аўкцыёне Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі традыцыйна прымае прэзыдэнцкая пара. Анджэй Дуда ў гэтым годзе выставіў сваю куртку ў народным стылі са здымкам і сваім подпісам.
Першая лэдзі краіны на дабрачынныя мэты падарыла крэмавую сукенку ў кветкі зь зялёным жакетам і рэменем ад вядомай польскай мадэльершы.
У мінулым годзе за здымак Агаты Корнхаўзэр-Дуды заплацілі 200 тыс. злотых (больш за 46 тыс. 600 эўра).
За 27 гадоў існаваньня акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі» было куплена больш за 35 тыс. адзінак мэдыцынскай тэхнікі й абсталяваньня на суму прыкладна ў 200 млн. эўра. Гэтая апаратура працуе ў сотнях бальніцах і клініках Польшчы.
Арганізатарам і галоўным рухавіком акцыі “Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” зьяўляецца Ежы Оўсяк – грамадзкі дзеяя і журналіст, у мінулым – супрацоўнік Польскага радыё.
Дарэчы, дабрачынную акцыю недалюбліваюць Каталіцкі касьцёл і прадстаўнікі правых сілаў, у тым ліку кіраючай у Польшчы кансэрватыўна-каталіцкай партыі “Права й справядлівасьць”. Яны лічаць мерапрыемства “лявацкай” акцыяй, якая аказвае нэгатыўны ўплыў на грамадзтва й моладзь.
На жаль, сёлетняя дабрачынная акцыя не абышлася бяз змрочнай падзеі. Падчас канцэрту ў Гданьску быў паранены мэр гораду Павал Адамовіч. Раненьні былі настолькі сур’ёзнымі, што кіраўнік гораду сёньня памёр у рэанімацыйным аддзяленьні. 27-гадовы мужчына, які напаў з нажом на Адамовіча, затрыманы паліцыяй. Камэнтатары й аглядальнікі заклікаюць не разглядаць напад у палітычным кантэксьце, таму што існуюць падазрэньні, што злачынца мае праблемы з псыхічным здароўем.
вс