Ці Кітай выратуе Беларусь? – пра гэта на старонках тыднёвіка «Plus Minus» разважае Марцін Лунеўскі.
Нягледзячы на гучныя заяву пра беларуска-кітайскае сяброўства, у прыватнасьці ад часу візыту ў Беларусь у 2015 годзе прэзыдэнта Кітайскай Рэспублікі Сі Цзіньпіна, узаемаадносіны абапіраюцца на халодны палітычна-эканамічны разьлік. Гэты саюз з выгоды працягне існаваць дагэтуль, пакуль ён будзе карысным для абодвух бакоў.
Разьлік Беларусі можна зьмясьціць у адным сказе: « У Беларусі зручнае геаграфічнае знаходжаньне, а ў Кітая – грошы». А таго апошняга асабліва не хапае Лукашэнку, – адзначае Андрэй Лаўрухін з Беларускага Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.
Кітай, заключаючы эканамічныя пагадненьні, не выстаўляе дадатковых умоваў. Не патрабуе геапалітычных саступак, як Расея. Кітай ня бачыць праблемы аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, як Эўразьвяз. Менск спадзяецца празь цеснае супрацоўніцтва з Кітаем атрымаць магутнага апекуна на міжнароднай сцэне. Для Лукашэнкі блізкія сувязі з Пэкінам даюць шанцы вырвацца з залежнасьці ад Расеі.
У сваю чаргу Кітай празь Беларусь на некалькі тысяч кілямэтраў скарачае дарогу ў Эўропу. Пэкін хоча таксама мець доступ да ведаў беларускіх інжынэраў, якіх вельмі высока цэняць у сьвеце. Паднябесная зацікаўленая ў падпісаньні выгадных кантрактаў на пастаўкі беларускіх угнаеньняў, вельмі патрэбных кітайскаму сельскагаспадарчаму сэктару.
Хаця кітайскія інвэстыцыі й крэдыты дапамагаюць Беларусі ўтрымаць пры жыцьці дзяржаўныя прадпрыемствы і ствараць новыя працоўныя месцы, то ў далейшай пэрспэктыве яны паглыбляюць беларускую запазычанасьць.
«Масква ўспрымае Пэкін у якасьці саперніка у Цэнтральнай Азіі, але не ў Беларусі. Менск здаўна цесна зьвязаны з Масквой», – падкрэсьлівае палітычны аглядальнік tut.by Арцём Шрайбман. У сваю чаргу Андрэй Лаўрухім мяркуе, што ў выпадку, калі Крэмль адрэагуе на дзеяньні Менска, Пэкін без сумневаў выбярэ дружбу з Масквой. Сі Цзіньпін можа нават прымкнуць вока на захоп Беларусі Расеяй, узамен за падобны жэст з боку Масквы ў адносінах, напрыклад, Ганконгу.
Усё паказвае, што Лукашэнку, нягледзячы на намаганьні замацаваць цесную дружбу з Кітаем, усё роўна застаецца толькі залагодзіць канфлікт з расейскім «вялікім братам», – піша Марцін Лунеўскі на старонках «Plus Minus».
яс