Logo Polskiego Radia
Print

Складаная гульня Лукашэнкі з Пуціным

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.01.2019 11:55
Паміж Расеяй ды Беларусяй ідзе, бадай, самая вострая з часоў СССР гульня, і гаворка тут зусім не пра хакей.
А.Лукашэнка і У.Пуцін, Сочы 22.08.2018А.Лукашэнка і У.Пуцін, Сочы 22.08.2018kremlin.ru

Пра гульню Лукашэнкі з Пуціным піша «Rzeczpospolita». Беларускі кіраўнік разьлічваў на тое, што ў канцы канцоў яму ўдасца дамовіцца з гаспадаром Крамля падчас нефармальных перамоў у Менску. Аўтар артыкулу нагадвае, што ў калядны пэрыяд у сталіцы Беларусі адбываецца міжнародны турнір па хакею. Пагуляць у хакей прыяжджаюць замежныя каманды, а капітанам беларускай зборнай зьяўляецца, зразумела, сам Лукашэнка. Сёлета ў фінал увайшлі беларуская ды расейская каманды.

Фінал адбыўся ў панядзелак, але ня ён быў важнейшай тэмаў навін панядзелку, а тое, хто ўзначаліць расейскую зборную. Паявіліся меркаваньні, што, магчыма, сам Пуцін, паколькі яшчэ ў сьнежні ён заявіў, што дамовіўся зь беларускім прэзыдэнтам пагуляць у хакей або паезьдзіць на лыжах.

Апошнія некалькі тыдняў паміж Расеяй ды Беларусяй ідзе, бадай, самая вострая з часоў Савецкага Саюзу гульня, і гаворка тут зусім не пра хакей. З 1 студзеня рэзка падаражэла расейская нафта для Беларусі па прычыне гэтак званага падатковага манэўру. Эканамісты падлічылі, што цягам пяці гадоў Беларусь панясе каля 10 млрд. даляраў страт. Лукашэнка пад канец году двойчы наведваў Маскву, размаўляў з Пуціным, але падрабязнасьці гутарак невядомыя. Увага СМІ была прыкаваная да чатырох мяшкоў бульбы, якія беларускі кіраўнік прывёз у падарунак. У якім напрамку пойдзе беларуска-расейская інтэграцыя, стане вядома ўжо пасьля калядных сьвятаў, тады паявіцца інфармацыя, калі першы раз сустрэнецца адмысловая міжурадавая рабочая група, створаная прэзыдэнтамі дзьвюх дзяржаў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт