Logo Polskiego Radia
Print

Папулярны як навагодні хіт

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.12.2018 11:23
  • У чым сакрэт.mp3
У розных краінах папулярныя розныя навагоднія песьні, але ёсьць шэраг гітоў, якія маюць глябальную славу.
Foto: EPA/Sebastiao Moreira Dostawca: PAP/EPA

Навагоднія сьвяты немагчыма сабе ўявіць без музыкі. Кожны год у гэты час гучаць сусьветнавядомыя гіты, якія напаўняюць навагоднія сьвяты чароўнай атмасфэрай. Сёньня мы распавядзём пра гісторыю іх зьяўленьня ды паспрабуем адказаць на пытаньне чаму яны такія папулярныя.

У розных краінах папулярныя розныя навагоднія песьні, але ёсьць шэраг гітоў, якія маюць глябальную славу ды папулярнасьць. Напрыклад, гэта такія шлягеры як «All I Want For Christmas Is You» у выкананьні Мэрай Кэры, «Let It Snow» або «Last Christmas» Джорджа Майкла. Сёньня цяжка сабе ўявіць навагоднія сьвяты без гэтых песень. Аднак далёка не ўсе гэтыя песьні задумваліся як навагоднія.

Напрыклад, песьня «Let it snow» была напісаная ў часы сьпякоты 1945-га года, ды абсалютна не была зьвязаная з Калядамі ды Новым годам, распавёў Польскаму Радыё рэжысёр Конрад Аксіновіч.

Конрад Аксіновіч: Гэта даволі старая песьня, Самі Кэн згадваў, што было вельмі сьпякотна, ён сеў за пішучую машынку ды напісаў яе. Што яшчэ цікава, у тэксьце няма ўвогуле згадак пра Каляды або Новы год, але сёньня гэтая песьня асацыюецца менавіта з гэтымі сьвятамі.

Што тычыцца «All I Want For Christmas», дык Мэрая Кэры зусім не хацела сьпяваць гэтую песьню, дбаючы пра свой імідж сур’ёзнай выканаўцы музыкі з гатункаў соўл і R&B ды рэпу. Дадзеная песьня стала найбольш вядомым ейным творам, зьмяніўшы ейны імідж на заўсёды.

Конрад Аксіновіч: Сьпявачка апасалася, што гэтая песьня зьменіць ейны імідж бунтуючай дзяўчыны, зоркі хіп-хопу, што яе перастануць слухаць «хлопцы з раёнаў». Выйшла ўсё наадварот, ейныя фаны далей яе слухалі, а гэтая новая песьня прынесла ёй вялізарная колькасьць новых слухачоў, якія слухалі менавіта новую песьню.

Што тычыцца «Last Christmas» Джорджа Майкла, дык гэтая песьня таксама не зьвязана наўпрост са сьвятамі, але яна стала вельмі папулярнай і лічыцца найбольш касавай сьвяточнай песьняй. Толькі ў Вялікабрытаніі прададзена 4 мільёны асобнікаў гэтага сінгла, у сэрвісе Youtube знаходзіцца дзясяткі мільёнаў вэрсіі гэтай песьні ў выкананьні карыстальнікаў дадзенага парталу.

Конрад Аксіновіч: Гэтая кампазыцыя прагучала ўпершыню ў 1984-м годзе. У ёй гаворыцца пра тое, як група сяброў едуць на зімнія вакацыі. Апроч слоў «На мінулыя Каляды» песьня ніяк не зьвязаная з навагоднімі сьвятамі. Рэшта – гэта гісторыя нешчасьлівага каханьня ды зламанага сэрца з-за адмовы дзяўчыны. Аднак «Last Christmas» стаў найбольш касавай сьвяточнай кампазыцыяй у гісторыі Вялікабрытаніі. Гэта песьня стала татальна папулярнай і ў сьвеце. Што праўда зь ёй зьвязаны і адзін скандал. Бары Манілаў абвінаваціў Джорджа Майкла ў плягіяце. Быў суд, працэс завяршыўся згодай выканаўцы прызначыць увесь даход з першага году продажы сінгла на дабрачынныя мэты.

Сёньня гэтыя кампазыцыі разам з шэрагам іншых як Jingle Bell займаюць першыя месцы па папулярнасьці ў музычных сэрвісах Spotify або iTunes.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт