Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ўсё часьцей купляюць на сьвяты падарункавы сэртыфікат

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.12.2018 09:00
  • Падарункі 25.12.mp3
Людзі пачынаюць адмаўляцца ад традыцыйных падарункаў, а дораць тое, што дазваляе перажыць прыгоду.
Photo: pixabay.com

Традыцыя дарыць падарункі на сьвяты існуе як у Польшчы, так і ў Беларусі. Праўда, многія беларусы робяць гэта крыху пазьней, чым палякі, якія кладуць падарункі пад ялінку на Каляды, а беларусы – на Новы год. Палякі перад Каляднымі сьвятамі шмат часу праводзяць у крамах або ў інтэрнэце, каб знайсьці адпаведныя рэчы для блізкіх людзей.

У Польшчы прынята дарыць падарункі напярэдадні сьвятаў нараджэньня Ісуса Хрыста, гэта значыць, 24 сьнежня. Існуе традыцыя, якую вельмі старанна падтрымлівае сыстэма камэрцыйнага продажу, калі ўжо на пачатку лістапада ў рэклямах ва ўсіх СМІ людзям пачынаюць прыгадваюць, якія рэчы варта набыць сваім блізкім. Многія палякі кажуць, што іх стамляе гэты абавязак, а таксама тое, што да сьвятаў трэба падрыхтавацца вельмі старанна, асабліва калі ў госьці ў перадкалядны вечар прыходзяць сваякі ці блізкія сябры.

Сярод самых папулярных калядных падарункаў – кнігі, слодычы (у асноўным шакаляд), бялізна (піжамы, шкарпэткі), парфумы. Але, аказваецца, што звыш 85% людзей здарылася атрымаць падарунак на Каляды, які прынёс не радасьць, а расчараваньне. Пра гэта гаворыць Філіп Сасноўскі з парталу prezentmarzen.pl.

Ф. Сасноўскі: Гэта цікавая статыстыка – амаль усе апытаныя атрымлівалі нежаданыя падарункі. Людзі пачынаюць адмаўляцца ад традыцыйных падарункаў у карысьць падарункаў, якія дазваляюць перажыць нейкую прыгоду. Гэта новая форма падарунку – ваўчар, які можна абмяняць на нейкую паслугу. На маю думку, прычына ў тым, што цяпер кожны можа купіць сабе сам шкарпэткі ці парфумы, а ў падарунак хацелася б атрымаць тое, што дазволіць рэалізаваць мары. Калі хтосьці атрымлівае пятнаццаты раз запар шакаляд і шкарпэткі, ён можа ўжо адчуваць нуду ад такога падарунку.

Калі ў ПНР ў краіне быў усеагульны дэфіцыт, то цешылі нават тая шакалядка ці піжама, цяпер жа кожны можа купіць гэтыя рэчы сам за невялікія грошы, таму хацелася б чагосьці выключнага ў падарунак. Цяпер людзі хутчэй пакутуюць ад празьмернай колькасьці рэчаў, чым ад іх нястачы. Таму ўсё цяжэй выклікаць радасьць на твары чалавека, які атрымаў падарунак. Канешне, лепш за ўсё зрабіць прэзэнт уласнымі рукамі, але не заўсёды ёсьць адпаведная ідэя ды здольнасьці. Іншыя пытаюць сваіх блізкіх, што яны хацелі б атрымаць, але ня ўсім падабаецца такая схема. Вось што мяркуе адна са слухачак Польскага радыё.

Слухачка: На маю думку, калі мы спытаем, што дадзены чалавек хацеў бы атрымаць, то мы адбяром у яго таямніцу. Для мяне найбольш прыемнае не атрыманьне падарункаў, а чаканьне, роздумы, што я магу атрымаць. Чакаць больш прыемна, чым атрымліваць. З іншага боку, уручэньне падарункаў таксама дае вялікую радасьць. Гэта цудоўная традыцыя, якая не падобная на іншыя, яна прыносіць радасьць людзям.

А якія падарункі цяпер самыя модныя ў Польшчы. На гэтае пытаньне адказвае Філіп Сасноўскі, які прафэсійна займаецца падарункамі.

Ф: Сасноўскі: Калі гаворка ідзе пра падарункі для жанчын, то тут самыя папулярныя рэчы, зьвязаныя з крэатыўнасьцю або з самаразьвіцьцём. Гэта, скажам, двухдзённы курс фатаграфіі, урокі танца. Папулярныя таксама розныя масажы, як лячэбныя, так і супакойваючыя. Заўсёды можна сказаць маме або цёці – маўляў, ты такая занятая, ніколі не была на масажы, ідзі, адпачні, прыемна правядзі час. Гэта вельмі ўнівэрсальны падарунак. А для мужчын самыя папулярныя ваўчары на паездку на фэшэнэбэльным аўтамабілі – Ламбарджыні, Фэрары. Канешне, у якасьці кіроўцы, але не па гарадзкой вуліцы, а на спэцыяльным трэку. Усё падрыхтавана і поўнасьцю бясьпечна. Палёт на паветраным шары, на першых месцах па продажу таксама палёт у аэрадынамічным тунэлі, гэта свайго роду імітацыя скоку з парашутам. Дарэчы, ваўчар на скок з парашутам таксама можна падарыць, гэта падарунак, які не страчвае папулярнасьці.

Скок з парашутам... Такі падарунак ня кожнаму прыйдзецца па смаку. Тым ня менш, мы ж ведаем сваіх сваякоў, блізкіх людзей, ведаем іхнія густы, іхнія мары, таму, хутчэй за ўсё, выбярэм нешта, ад чаго загарацца вочы. Можа варта адмовіцца ад банальнай касмэтыкі або кніжкі (хаця кнігі – заўсёды ў цане), а пашукаць такі вось арыгінальны падарунак, які запомніцца на доўга. Пра падарункавыя ваўчары або сэртыфікаты, як іх называюць у Беларусі, расказваў Філіп Сасноўскі з парталу prezentmarzen.pl.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт