Польскі ўрад хваліцца таксама судовай рэформайі ды скарачэньнем чэргаў у шпіталях.
Урад партыі «Права і Справядлівасьць» падвёў вынікі 3 год кіраваньня. Гучалі словы, што дасягнутае шмат, ёсьць чым ганарыцца. Таксама палітыкі кіруючай партыі казалі пра тое, што патрэбны далейшыя зьмены, якія прывядуць да таго, што палякі будуць жыць на эўрапейскім узроўні.
Дзеля гэта патрэбна захаваць дасягнутае, а гэта, у першую чаргу, эканамічны рост, нізкае беспрацоўе ды стабільны бюджэт, зазначыў прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Матэвуш Маравецкі: 5 квартал запар эканамічны рост у нашай краіне трымаецца на ўзроўні больш за 5%. Яшчэ пару год таму мала, хто ў гэта верыў. Беспрацоўе найніжэйшае за апошнія 20 гадоў. Таксама найменшы бюджэтны дэфіцыт. Гэта сьведчыць пра моц нашай эканомікі. Гэта бачаць рэйтынгавыя агенцтвы, міжнародныя ўстановы. Гэта ўсё сьведчыць пра вітальнасьць нашай краіны.
Прэм’ера падтрымалі й міністры. Так міністар абароны Марыюш Блашчак распавёў, што пасьпяхова рэалізуецца праграма мадэрнізацыі Войска Польскага, вырасла колькасьць жаўнераў ды дасягнутая лепшая інтэграцыя польскай арміі ў НАТО.
Марыюш Блашчак: Мы даказалі, што армія для нас – гэта абсалютны прыярытэт. Жаўнеры ёсьць гарантыя бясьпекі Польшчы, яны павінны атрымліваць годны заробак ды мець сучаснае ўзбраеньне. Гэта наш адказ на экспансіўную ды імпэрскую палітыку Расеі.
Таксама ў Польшчы за апошнія тры гады вырасла пачуцьцё бясьпекі ў грамадзтве. Пра гэта распавёў міністар унутраных спраў Польшчы Ёахім Брудзіньскі.
Ёахім Брудзіньскі: Мы ведалі, што нашыя папярэднікі ня вельмі моцна клапаціліся пра гэты элемэнт, але бясьпека – гэта фундамэнт кожнай дзяржавы. Мы вельмі адказна паставіліся да рэалізацыі праграмы ўмацаваньня бясьпекі. Сёньня можна сказаць, што рэалізаваныя ініцыятывы ўжо далі добры вынік. Гэта пацьвярджае рэкордная падтрымкі для паліцыі з боку грамадзтва. 74% палякаў добра ацэньваюць працу паліцыі.
На рост бясьпекі паўплывалі таксама зьмены, якія рэалізавала міністэрства юстыцыі. Міністар Зьбігнеў Зёбра зазначыў, што ажыцьцяўляюцца пераўтварэньні, якія ліквідуюць прадузятасьць у судах да запаволенасьць працы.
Зьбігнеў Зёбра: Сыстэма лёсавага накіраваньня справы ў суд, спрыяе таму, што суды раўнамерна загружаныя ў Польшчы. Цяпер мы імкнёмся, каб загружанасьць судзьдзяў была адпаведнай да эфэктыўнага судовага разьбіральніцтва. Таксама мы зрабілі адкрытымі маёмасныя дэклярацыі судзьдзяў. Цяпер мы завяршаем працы над законапраектам пра злоўжываньні даўгавых асэсараў. Згодна з пажаданьнямі грамадзтва ды эфэктыўнай праўнай сыстэмы.
Цяперашні ўрад хваліўся ня толькі справамі ўнутранай ды зьнешняй бясьпекі. Таксама згадавалася шырокая сацыяльная праграма падтрымкі сямʼі ды нараджальнасьці ў Польшчы. За 3 гады ў краіне павялічыўся паказьнік нараджальнасьці. Пра гэта казала міністар сям’і ды сацыяльнай палітыкі Эльжбета Рафальска.
Эльжбета Рафальска: Дастаткова зірнуць на паказьнікі нараджальнасьці. У 2017 годзе ён склаў 1,45, гэта адчувальны рост у параўнаньні з 2015-м, калі нараджальнасьць была на ўзроўні 1,29. Пры гэтым мы сьвядомыя, што нам яшчэ шмат не хапае да выхаду на ўзровень нараджальнасьці, якая б дазволіла забясьпечыць замяняльнасьць пакаленьняў. Для гэтага мусім выйсьці на ўзровень 2,1.
Праграма 500+ выплат на дзяцей ужо выдаткавана 58 мільярдаў злотых, скарысталася 3 мільёны 770 дзяцей.
Найбольш важную задачу цяпер для сябе польскі ўрад бачыць у рэформе сыстэмы аховы здароўя. Ставіцца задача зьліквідаваць чэргі ў шпіталях ды паліклініках. Гаворыць міністар аховы здароўя Лукаш Шумоўскі.
Лукаш Шумоўскі: Мы бачым як зь месяца на месяц зьмяняецца сытуацыя, ёсьць эфэкты. Зразумела, што нам патрэбны час, каб скараціць рэальныя чэргі, калі пацыенты месяцамі чакаюць. Але працэс ужо пайшоў. Таксама мы прызначылі мільярд злотых на лекі для сталых людзей. Але гэта ніякая не трата, гэта інвэстыцыя. Дзякаваць Богу, што мы змаглі добра накіраваць гэтыя сродкі.
Польскі ўрад падвёў вынікі трох год кіраваньня. Сярод галоўных дасягненьняў прэмʼер ды міністры назвалі эканамічны рост, нізкае беспрацоўе ды стабільны бюджэт.
Юры Ліхтаровіч