Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы палюбілі Закарпацьце

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.11.2018 12:14
Сярод замежных турыстаў, якія наведваюць гэты ўкраінскі рэгіён, на першым месцы госьці зь Беларусі.
Foto: Y.Likhtarovich

Мы пацікавіліся, чым прыцягвае турыстаў Закарпацьце.

Апошнія гады сярод эўрапейцаў набірае папулярнасьць нетыпічны турыстычны напрамак – «slow life». Гэта ня столькі месца, колькі стыль адпачынку. То бок, кантакт з прыродай, супакой, час на нясьпешнае пазнаваньне цікавінак месца альбо рэгіёну. У нашай частцы Эўропы такі адпачынак прапануюць між іншым польскія Мазуры ды ўкраінскае Закарпацьце. Што цікава, палякі ды беларусы актыўна пачынаюць адкрываць гэты рэгіён, дзе жыцьцё плыве нясьпешна, але вельмі багата. Пра тое, што прыцягвае замежных гасьцей у Закарпацьце, распавядае старшыня рэгіянальнай турыстычнай арганізацыі Закарпацьця прафэсар Ужгарадзкага ўнівэрсытэту Фэдзір Шандор.

Фэдзір Шандор: Закарпацьце – гэта вельмі спэцыфічны рэгіён Украіны. Гэта не Заходняя Ўкраіна, якая асацыюецца з Львовам. Закарпацьце 800 гадоў жыло з Вугоршчынай, тут зусім іншыя традыцыі. У адрозьненьні ад іншых рэгіёнаў, у нас раўнамерна разьвіваецца турызм. У нас разьвіваецца рэгіянальны цэнтар Ужгарад ды ўсе раёны таксама. Наша галоўная адметнасьць – рамесныя вырабы. У нас ёсьць рамесныя бровары, сыраварні, вінаробы. Да нас едуць на дэгустацыю мясцовай экзотыкі. Напрыклад, на уліткавыя фэрмы, мясныя вырабы з карпацкай пароды «мангаліца» і наш гонар – шоўдар.

Што гэта такое?

Фэдзір Шандор: Гэта нагадвае хамон. У нас у Закарпацьці – гэта шоўдар. Яшчэ цяпер прапануюцца дэгустацыі мёду. Гэта ўсё цікавіць замежных турыстаў. На першым месцы ў нас турысты зь Беларусі. Іх неверагодна шмат прыяжджае. Яны прыяжджаюць сюды, каб пакаштаваць, як смакуе закарпацкае жыцьцё. У першую чаргу гэта гастраномія. У другую чаргу – віно. У нас ёсьць 9 вінных фэстываляў. Увогуле мы па фэстывалях на першым месцы ва Ўкраіне. Летась у нас было 403 фэстывалі, тады як у адным годзе - 365 дзён.

Яшчэ што любяць турысты – гэта геатэрмію, кажа экспэрт.

Фэдзір Шандор: Закарпацьце – гэта адзіны рэгіён, дзе эксплёатуюцца геатэрмальныя воды. У нас ёсьць 10 сэрвісных зон, дзе ёсьць басэйны з тэмпэратураю вады ад 39 да 60 градусаў. Для больш актыўных у нас ёсьць 78 горналыжных комплексаў. У нас ёсьць гарантыя сьнегу на 100 дзён у год. Гэта азначае, што наш рэгіён абіраюць тыя, хто робіць першыя крокі на лыжах, каб навучыцца. У нас лёгка і танна можна займацца сноўтубінгам, ёсьць асьветленыя трасы, таксама разьвіваецца рафтынг. У нас вучацца плаваць, каб потым ня мець праблем на вялікіх рэках.

Самае важнае, што гарантуе далейшае разьвіцьцё турызму ў рэгіёне – гэта тое, што ўсё зробленае ёсьць вынікам ініцыятывы ад людзей.

Фэдзір Шандор: Уся ініцыятыва ішла зьнізу, улада дала нуль. Яшчэ і перашкаджала, ды і цяпер перашкаджае. У нас разьвіваюцца тыя цікавінкі, прадукты ды паслугі, дзе няма рукі ўлады. Усе дзяржаўныя фэстывалі жылі толькі тады, калі іх падтрымліваў губэрнатар. Таму грошы ідуць не ў той бок. Мы вельмі рады, што ў нас на Закарпацьці пануе самаарганізацыя. Мы самі ўсё зрабілі. Напрыклад, самы буйны фэстываль крафтавага піва ва Ўкраіне праходзіць у нас у Мукачэва. Таксама ў нас найбольш фарэлі гадуецца. Турыстам найбольш яе падаюць менавіта ў Закарпацьці. Будучы ў нас, трэба яе паспрабаваць.

Столькі ўсяго цікавага чакае турыста, які захоча наведаць Закарпацьце. Рэгіён ганарыцца сваёй блізкасьцю да Эўропы, багатай гастраноміяй ды нясьпешным рытмам жыцьця.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт