Logo Polskiego Radia
Print

Лягчэй будзе перадаць сямейны бізнэс ў спадчыну

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.11.2018 15:26
  • 20.11.18_пульс эканомікі.mp3
Прадпрымальнік будзе мець магчымасьць устанавіць мэнэджэра пераемнасьці.
Foto: polskieradio.pl

У нядзелю 25 лістапада ўступае ў сілу закон аб пераемнасьці сямейнага бізнэсу. Такім чынам лягчэй будзе адбывацца зьмена пакаленьняў на прадпрыемствах.

Прадпрымальнік будзе мець магчымасьць устанавіць мэнэджэра пераемнасьці. Мэнэджэр зможа часова кіраваць прадпрыемствам пасьля сьмерці ўладальніка - да часу завяршэньня фармальнага атрыманьня маёмасьці ў спадчыну і да часу, калі спадчыньнікі прымуць рашэньне пра лёс кампаніі. Як растлумачылі ў Міністэрстве прадпрымальніцтва і тэхналёгіі, новыя правілы будуць спрыяць падтрыманьню ключавых для кампаніі кантрактаў, а таксама дамоваў з супрацоўнікамі.

Міністар па пытаннях прадпрымальніцтва і тэхналёгій Ядвіга Эмілевіч падкрэсьліла, што ідэя заключаецца ў тым, каб прадпрыемствы не паміралі разам са сьмерцю ўладальніка, каб яны працягвалі дзейнасьць.

Я. Эмілевіч: Вельмі часта так бывае, што дзеці ня хочуць пераймаць фірму сваіх бацькоў. І таму існаваньне і працяг дзейнасьці прадпрыемстваў у Польшчы знаходзіцца пад пагрозай.

Міністар заклікае прадпрымальнікаў вызначаць мэнэджэраў пераемнасьці свайго бізнэсу.

Я.Эмілевіч: Гэта можна зрабіць пры жыцьці ўладальніка онлайн на сайце CEIDG – Цэнтральнай рэгістрацыі і інфармацыі аб гаспадарчай дзейнасьці. Калі задрыцца няшчасьце, уладальнік памрэ, тады спадкаемцы маюць два месяцы, каб вызначыць мэнэджэра пераемнасьці. Гэта трэба зрабіць у натарыюса. На ўпарадкаваньне спраў закон дае 2 гады. У выключных сытуацыях можна падоўжыць гэты час да 5 гадоў.

Старшыня Фонду “Сямейны бізнэс” Катажына Герчак-Групіньска лічыць, што, дзякуючы гэтаму закону, кіраваць прадпрыемствам у Польшчы будзе больш бясьпечна.

К.Герчак-Групіньска: Пераемнасьць трэба ўпарадкаваць. Пераемнасьць ня толькі азначае пераход фірмы ў рукі спадкаемцаў. Для бізнэсу важна, каб ён трапіў у добрыя рукі. Таму часам добрым вырашэньнем зьяўляецца мэнэджэрскі выкуп, перадача прадпрыемства працаўнікам, зьвязаным з фірмай шмат гадоў. Не заўсёды дзеці настолькі кампэтэнтныя, каб кіраваць прадпрыемствам.

Адрасатам новага закону аб пераемнасьці бінэсу зьяўляецца больш за 2 млн прадпрыемстваў, зарэгістраваных у Цэнтральнай рэгістрацыі і інфармацыі аб гаспадарчай дзейнасьці, з якіх 60 працэнтаў зьяўляюцца сямейнымі прадпрыемствамі. Гэтыя прадпрыемствы працаўладкоўваюць амаль палову рабочых у польскай эканоміцы. Бальшыня з 23 тысяч прадпрымальнікаў ужо старэйшыя за 65 гадоў.

яс

Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт