Logo Polskiego Radia
Print

Ці прыгожым людзям жывецца лягчэй?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 17.11.2018 15:04
Палякі ўсё больш ахвотна робяць плястычныя апэрацыі.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Ці прыгожым людзям жывецца лягчэй? – запытаў тыднёвік «Polityka» у доктара Альжбеты Радзікоўскай, спэцыяліста па плястычнай хірургіі.

Паводле лякаркі, у пэўнай меры так, хаця б таму, што мае значэньне першы позірк на чалавека. Прыгожы чалавек прыцягвае да сябе ўвагу, і іншыя больш прыхільна да яго ставяцца. Існуе толькі адна праблема – калі ў маладосьці прыгожым лягчэй у жыцьці, то рана ці позна надыходзіць момант, які для іх цяжкі і балючы. Усё жыцьцё былі прыгожымі, гаварылі пра іх “сымбаль сэксу”, і г.д, і раптам сталі старэць. "Такому чалавеку, асабліва жанчынам, цяжка зьмірыцца з гэтым. Гэтыя асобы часта жадаюць рознымі мерамі падтрымаць сваю фізычную прывабнасьць і гэта ня трэба лічыць фанабэрыяй, бо гэта жаданьне адчуваць сябе добра самім з сабою", - кажа доктарка. "За тое людзі, якія ў маладосьці былі фізычна менш прыгожымі, часта з гадамі становяцца больш прывабнымі, дзякуючы сваёй працы, паводзінам, добраму густу", - дадае Радзікоўска.

Вельмі рэдка, але здараецца, што чалавеку перашкаджае яго прыгажосьць.

Доктар Радзікоўска сустрэла пацыента, які прасіў зрабіць яго больш брыдкім, бо праблемы з працай і асабістым жыцьцём зьвязваў са сваёй вонкавай прывабнасьцю. Доктар не зрабіла яму апэрацыі.

Хірург падкрэсьлівае, што ў выпадку людзей з праблемамі ў сямейным жыцьці, самаўпэўненасьцю, плястычная апэрацыя не дапаможа, бо, напрыклад, муж ня вернецца да жонкі толькі таму, што яна зрабіла сабе большыя грудзі.

«Галоўнае, каб, прымаючы рашэньне аб апэрацыі, рабіць гэта для сябе, а не для партнэра ці сяброўкі», – падкрэсьлівае доктар Альжбета Радзікоўска ў размове з тыднёвікам «Polityka».

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт