Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ў Беларусі рыхтуюцца да сьвяткаваньня незалежнасьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.11.2018 18:03
  • Палякі ў Беларусі.mp3
Сёлета Польшча адзначае 100 гадавіну аднаўленьня незалежнасьці Польшчы.

Сьвяточныя ўрачыстасьці пройдуць у Польшчы ды ў многіх краінах сьвету, асабліва там, дзе жывуць палякі. У Беларусі таксама жывуць палякі, яны будуць адзначаць сваёй нацыянальнае сьвята.

У лістападзе 1918-га года была адноўлена незалежнасьць Польшчы. Сёлета ў 100-ю гадавіну тых падзей Польшча ды палякі ва ўсім сьвеце згадваюць тыя падзеі. Польская дзяржава ў гэты год ладзіць адмысловую акцыю 100 год Незалежнасьці.

Сьвята незалежнасьці – гэта ня толькі дзяржаўныя ўрачыстасьці. Гэта ў першую чаргу людзі, якія цешацца, вывешваюць сьцягі і паказваюць, што ганарацца дасягненьнямі сваёй Айчыны, сваёй прыналежнасьцю да польскага народа.

Шырока да сьвяткаваньня 100-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Польшчы далучыліся таксама і палякі, якія жывуць у Беларусі. Увесь год ладзяцца адмысловыя мерапрыемствы, а 11 лістапада адбудзецца ўрачыстая імша ды сьвяточны канцэрт.

Больш падрабязна пра тое, як палякі ў Беларусі адзначаюць стагодзьдзе незалежнасьці Польшчы мы размаўляем за старшынёю Саюза палякаў Беларусі Анжэлікай Борыс.

Анжаліка Борыс: У нас цэлы год, які прысьвечаны гадавіне аднаўленьня незалежнасьці, ладзяцца розныя ініцыятывы ды мерапрыемствы. Мы былі актыўныя цягам усяго году, ня толькі выключна 11 лістапада. Ладзяцца заняткі для дзяцей, патрыятычныя конкурсы, сустрэчы ды канцэрты. Яны праходзілі ў Польскіх дамах, у аддзелах Саюза палякаў. Таксама адбываліся спартовыя спаборніцтвы. Усе яны былі прысьвечаныя 100 гадавіне адраджэньня незалежнасьці.

Скажыце, якая праграма падрыхтаваная на 11 лістапада?

Анжаліка Борыс: Аддзелы нашага Саюза палякаў Беларусі ладзяць канцэрт ды выставы. Саюз палякаў падрыхтаваў адмысловую выставу з Асацыяцыяй мастакоў у гонар маршала Пілсудскага. У сам дзень 11 лістапада ў нас заплянавана ўрачыстая імшы а 12:30 у Бэрнардынскім касьцёле ў Гародні за Бацькаўшчыну. А 16-ай у нашым залі адбудзецца сьвяточны канцэрт, які падрыхтавала моладзь з нашай школы імя караля Сьцяпана Батуры пры гарадзенскім Саюзе палякаў.

Якія настроі пануюць сярод палякаў у Беларусі? Людзі чакаюць гэтае сьвята?

Анжаліка Борыс: Гэтае сьвята важна для кожнага паляка, не важна, дзе ён жыве. Ці ў Польшчы, ці ў Беларусі, ці недзе на Захадзе. Гэта вельмі важнае сьвята, якое злучае нацыю. Асабліва ў такі юбілей, у 100 гадавіну аднаўленьня незалежнасьці. Кожны, хто пачуваецца палякам, радуецца. Дарэчы, сьвяткаваньне не завершыцца 11 лістапада. Урачыстасьці будуць да канца года, які цалкам прысьвечаны гэтаму юбілею. Усё што мы сёлета рабілі было гэтаму прысьвечана.

У сотую гадавіну аднаўленьня польскія культурныя ўстановы выступілі з прапановай да ўсіх, хто цікавіцца або пачуваецца зьвязаным з Польшчай паказаць за што яны любіць Польшчу!

Любы жадаючы можа зрабіць фотаздымак або зьняць відэа і 11 лістапада ў нацыянальнае сьвята Незалежнасьці апублікаваць у Сеціве, на сацыяльных парталах Twitter, Facebook або Instagram з хэштэгам #likePolska.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт