Logo Polskiego Radia
Print

Беларускім турыстам прапануюць прайсьці шляхам кантрабандыстаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.11.2018 15:34
"У грамадзтве ёсьць інтарэс да гісторыі – як да гісторыі ВКЛ, так і да міжваеннага пэрыяду, які быў за шорамі".
pixabay.com

Беларускі фонд «Краіна замкаў» паставіў перад сабою задачу вяртаць беларусам гістарычную памяць. Акрамя дзейнасьці па аднаўленьні архітэктурных помнікаў, ён праводзіць анімацыйныя праграмы, турыстычныя экскурсіі.

На сваім сайце фонд «Краіна замкаў» піша, што ён стаў адны зь першых у Беларусі, хто пачаў прапанаваць анімацыйныя прадстаўленьні на экскурсійных маршрутах. Напрыклад, візытнай карткай фонду зьяўляецца праграма «Шлях караля Міндоўга», запрашае таксама на праграму «Калядным шляхам» ды іншыя экскурсіі. Ёсьць таксама падарожжа для турыстаў на колішнюю беларуска-польскую мяжу, якая існавала перад Другой сусьветнай вайной. Называецца гэтая экскурсія «Дарогамі кантрабандыстаў». У сюжэце праграмы – «захоп» турыстаў супрацоўнікамі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўленьня. Аказваецца, што сярод турыстаў ёсьць аўтарытэтны злодзей, якога адбіваюць, а пры нагодзе і турыстаў. Ёсьць нелегальны пераход празь мяжу, перастрэлка, а пазьней забава на хутары.

Дырэктар фонду Аляксандар Варыкіш кажа, што ў беларускім грамадзтве ёсьць зацікаўленьне да гэтага пэрыяду гісторыі.

А. Варыкіш: Мы бачым, што ёсьць інтарэс да таго, што адбывалася на нашых землях у 20-30 гады. Магчыма, гэта ўспаміны людзей, тое, што ім бабулі распавядалі, як ім жылося за Польшчай. Акрамя таго, нейкі рэзананс мелі кнігі Сяргея Пясэцкага. Ён быў выдадзены па-беларуску, па-расейску. Апошнімі гадамі журналісты шмат пішуць пра памежжа, пра кантрабанду, тыя сытуацыя. Якія былі на даўняй рыскай граніцы. Мы падумалі, што турыстам будзе цікава і стварылі праграму.

Ці ў кантрабандным пераходзе мяжы ёсьць свая рамантыка? Як сьпявала Кася Камоцкая ў Народным альбоме – «а ў кантрабандыста блакітныя вочы». Канешне, гэтыя людзі рызыкавалі сваім жыцьцём, але такая дзейнасьць магла даць у хуткім часе немалы прыбытак, таму шмат людзей ёй займалася.

А. Варыкіш: Як рамантыку ўспрымалі кантрабанду таксама людзі ў тыя часы. Калі людзі хадзілі празь мяжу, яны маглі за кароткі тэрмін узбагаціцца. Праз мяжу хадзіла шмат людзей, нягледзячы на тое, што была пагроза. Наша праграма прыгодніцка-гумарыстычная, паколькі праблем у людзей хапае, і калі яны едуць на экскурсію, то хочуць адпачыць, разьвеяцца. Таму ёсьць крыху сьмеху, жартаў. Мы пераходзім граніцу, у нас правяраюць пашпарты – савецкія памежнікі, пазьней польскія, ёсьць дачэпкі, гумар.

Гісторыя міжваеннага пэрыяду слаба вядомая ў беларускім грамадзтве, асабліва мала падручнікі пішуць пра тое, як жылося людзям на тэрыторыі, якая была ў межах польскай дзяржавы (жылося лепш, чым у Савецкім Саюзе). Акрамя таго, многія беларусы езьдзяць за мяжу, таму самі ведаюць гэтыя рэаліі.

А. Варыкіш: У нашым грамадзтве ёсьць інтарэс да гісторыі – як да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, так і да міжваеннага пэрыяду, які быў за шорамі, быў невядомы. Акрамя таго, тэма мяжы заўсёды цікавая, таму што многія самі езьдзяць праз мяжу, сабралі шмат анэкдотаў па праходжаньні мяжы, параўноўваюць, як было ў тыя часы.

У сярэднявеччы Беларусь называлі «краінай замкаў». На жаль, за гады, калі на нашых землях праходзілі зьнішчальныя войны, а пазьней панавала савецкая варварская ўлада, замкаў стала значна менш, і цяпер ніхто амаль ня ведае пра былую веліч Беларусі. Заснавальнікі фонду «Краіна замкаў» паставілі перад сабою амбітную задачу вярнуць беларусам гэтую гісторыю. У рамках дзейнасьці фонду – між іншым стварэньне парку мініятур каля Гальшанскага замка.

А. Варыкіш: Парк мініятур – 5 км. ад Гальшанскага замка. Будуць прадстаўленыя макеты ВКЛ, замкі, цэрквы, касьцёлы старадаўнія. Цяпер ідзе актыўнае аднаўленьні сьцяны Крэўскага замка, сёлета аднавілі вежу Гальшанскага замка. Так што турысты паедуць. Акрамя таго, зараз мы праводзім працу па ачыстцы старога габрэйскага могільніка на гэтых землях.

Бліжэйшая экскурсія ў рамках анімацыйнай праграмы «Дарогамі кантрабандыстаў» – у суботу, 10 лістапада.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт