Logo Polskiego Radia
Print

Расейскі газ дзеліць Эўропу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.10.2018 14:27
У 2022 годзе палякі змогуць упэўнена сказаць пра энэргетычную бясьпеку дзяржавы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Расейскі газ дзеліць Эўропу – пад такім загалоўкам «Dziennik Gazeta Prawna» друкуе запіс дэбатаў на дадзеную тэму. Гэта выказваньні Паўла Пікуса (Paweł Pikus) зь Міністэрства энэргетыкі, былога міністра эканомікі Януша Штайнхофа (Janusz Steinhoff) і дырэктара Фундацыі польска-нямецкага супрацоўніцтва Карнэліюса Охмана (Cornelius Ochman). Гаворка ідзе пра энэргетычную бясьпеку Польшчы і Эўропы.

Польшча дывэрсыфікуе крыніцы паставак газу, ці можна сказаць, што яна ўжо бясьпечная па гэтым пытаньні? Па словах Паўла Пікуса, так будзе, але толькі ў 2022 годзе палякі змогуць сказаць, што існуе энэргетычная бясьпека дзяржавы, тады ўжо будзе стабільны рынак. Асновай энэргетычнай бясьпекі зьяўляюцца розныя вэктары паставак газу, чаго дабіваецца Польшча. Расейскі пастаўшчык, прадаючы газ па Ямальскім газаправодзе ў Польшчу, карыстаецца ня рыначнымі прынцыпамі гульні.

Януш Штайнхоф кажа, што цяпер Польшча ў зусім іншай сытуацыі, чым была 20-25 гадоў таму, калі па тэхнічных прычынах яна была вымушаная імпартаваць газ з Расеі. У выніку адсутнасьці альтэрнатывы цана сыравіны была адной з самых высокіх у Эўропе.

У сваю чаргу зусім іншы падыход назіраецца ў Нямеччыне, якая, будуючы газаправод Паўночны паток 2, павышае сваю залежнасьць ад Расеі. «На гэтую тэму размаўляюць ужо амаль 20 гадоў, а я надалей лічу, што Паўночны паток – гэта стратэгічная эўрапейская памылка, – кажа Карнэліюс Охман. – Аднак у гэтым праекце зацікаўленыя буйныя нямецкія кампаніі. А справа Герхарда Шродэра, які з нямецкага канцлера стаў расейскім лабістам, гэта адзін з самых вялізных скандалаў нямецкай палітыкі».

Калі палякам не ўдасца заблякаваць будаўніцтва Паўночнага патоку 2, то можа зробяць гэта амэрыканцы? На думку Охмана, такі сцэнар магчымы, але нельга забываць, што гэта былі б санкцыі не супраць Нямеччыны, а супраць пяці эўрапейскіх кампаній. Акрамя таго, амэрыканцы маглі б гэта зрабіць, але з думкаю пра ўласную карысьць ад продажу свайго газу. Так што яны дзейнічаюць па такім жа прынцыпе, што і расейцы.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт