Logo Polskiego Radia
Print

На Падляшшы ўвекавечваюць ахвяр падзей 1946 года

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 01.11.2018 10:00
  • 1101 Латышонак - Наша памяць.mp3
Беларускае гістарычнае таварыства вядзе ўлік помнікаў ахвярам падзей 1946 года на Падляшшы.
Фота: facebook.com/naszapamiec

Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку праводзіць работу па добраўпарадкаваньні і ўліку помнікаў жыхароў Падляшша, якія пацярпелі падчас трагічных падзей студзеня-лютага 1946 года.

У канцы Другой сусьветнай вайны савецкія ўлады вызначылі новую граніцу паміж Беларусьсю і Польшчай. Яна адпавядае сучаснай. Але ў выніку яе правядзеньня частка беларускага насельніцтва апынулася на тэрыторыі Польшчы, а польскага — у Беларусі. Быў пачаты г. зв. абмен насельніцтвам. Аднак на Падляшшы ён прыняў формы, далёкія ад цывілізаваных.

Што адбывалася ў 1946 годзе на тэрыторыях Польшчы, кампактна заселеных беларускім праваслаўным насельніцтвам?

Алег Латышонак, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку, расказвае што з 30 тысяч беларусаў, якія з Падляшша выехалі ў СССР, толькі палова зрабіла гэта добраахвотна. Рэшта была вымушана выехаць пад ціскам, а часам пагрозамі з боку суседзяў, палякаў выгнана.

Фота:
Фота: facebook.com/naszapamiec

Трагічны сьлед пакінуў атрад капітана Рамуальда Райса “Бурага”, які, як кажа А. Латышонак, прыйшоў у канцы студзеня — пачатку лютага 1946 года з польскай часткі Падляскага ваводзтва і рухаўся ў бок Белавескай пушчы. На сумленьні гэтага атрада ляжаць сьмерці 16 мірных жыхароў вёскі Заляшаны, што каля Гайнаўкі, якія былі застрэлены або спалены. Былі таксама атакаваны вёскі Шпакі, Зані, Канцавізна, што суправаджалася расстрэламі і спальваньнем мясцовых жыхароў. Усяго загінула каля 80 чалавек. Былі ахвяры і ў іншых мясьцінах. У вёсках, дзе зьяўляўся атрад Бурага, раскідвалі лістоўкі, у якіх мясцовых жыхароў заклікалі выяжджаць у СССР. На старонцы праекта «Наша памяць» у фэйсбуку дэталёва апісваюцца падзеі 25 студзеня — 2 лютага 1946 года.

Трагічныя падзеі 1946 года захоўваюцца ў памяці мясцовых жыхароў Гайнаўскага і Бельскага паветаў Падляскага ваяводзтва. Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку вырашыла ўшанаваць памяць “цывільных ахвяр учынкаў, якія маюць прыметы генацыду і этнічнай чысткі”, як гаворыцца ў звароце ініцыятараў праекта “Наша памяць”. Ініцыятыва праекта належыць сябру БГТ, старшыні фонда "Камунікат" Яраславу Іванюку.

Выяўляюцца ранейшыя помнікі на месцы пахаваньня ахвяр падзей 1946 года. Будуць ставіць і новыя. Алег Латышонак адзначае, што пастаўленыя раней помнікі знаходзяцца ў вельмі кепскім тэхнічным стане. Больш за тое, некаторыя з надпісаў на тых помніках уводзяць у зман, бо на іх зьмешчаны недакладныя зьвесткі.

Алег Латышонак гаворыць, што адным са штуршкоў, які прымусіў Беларускае гістарычнае таварыства пачаць праект “Наша памяць”, стала сытуацыя ў вёсцы Вітава, дзе быў зьнесены помнік ахвярам падзей 1946 года. На гэтым помніку было адзначана, што забітыя былі членамі Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Гэта дало падставу ўладам у рамках дэкамунізацыі зруйнаваць манумэнт. Мясцовыя жыхары плянуюць паставіць на гэтым месцы крыж.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Фота:
Фота: Jarosław Iwaniuk/facebook.com/naszapamiec
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт