Logo Polskiego Radia
Print

Як Польшча стварала сыстэму сацыяльнага страхаваньня

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.10.2018 08:12
  • фонд.mp3
У 1930-х гадах Фонд сацстрахаваньня Польшчы быў адной з найсучасьнейшых арганізацый такога тыпу ў Эўропе, як і сама польская сыстэма сацстрахаваньня.
Будынак Фонду сацыяльнага страхаваньня Польшчы ў Гдыні, 1936 год Будынак Фонду сацыяльнага страхаваньня Польшчы ў Гдыні, 1936 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

84 гады таму была створаная вельмі важная польская арганізацыя, якая цягам свайго існаваньня, ды й цяпер таксама, адыгрывала й адыгрывае значную ролю ня толькі ў маштабе дзяржавы, але і ў жыцьці кожнага грамадзяніна. Гэта Фонд сацыяльнага страхаваньня.
Фонд сацыяльнага страхаваньня Польшчы (Zakład Ubezpieczeń Społecznych) зьяўляецца асноўным інстытутам дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня. Яго функцыянаваньне накіраванае на сацыяльную абарону насельніцтва, задача якой – забясьпечваць рэалізацыю права эканамічна актыўных грамадзян на матэрыяльнае забесьпячэньне ў старасьці, у выпадку хваробы, поўнай або частковай страты працаздольнасьці, страты карміцеля, беспрацоўя й г.д.
Усе палякі карыстаюцца паслугамі фонду, але напэўна мала хто ведае пра тое, што гэтая арганізацыя мае доўгую й багатую гісторыю.
Неўзабаве пасьля таго, як Польшча стала незалежнай дзяржавай, кіраўнік краіны Юзэф Пілсудзкі выдаў у лістападзе 1918 году дэкрэт аб сацыяльным страхаваньні рабочых, пачаўшы такім чынам адлік гісторыі сацстрахаваньня ў краіне. На яго моцы кожны рабочы, які плаціў узносы альбо за яго гэта рабіў працадаўца, мог у выпадку непрацаздольнасьці атрымаць аднаразовую грашовую дапамогу. Неўзабаве, бо праз год, у 1919 годзе, быў выдадзены наступны дэкрэт – аб усеагульным сацыяльным страхаваньні. Зразумела, што слова «ўсеагульны» было хутчэй тэарэтычным, таму што людзі жылі бедна й ня кожны мог плаціць узносы.
Працу над больш дасканалай сыстэмай сацыяльнага страхаваньня Сэйм Польшчы пачаў у 1930-х гадах. І вось, 24 кастрычніка 1934 году на моцы заканадаўчага акту быў створаны Фонд сацыяльнага страхаваньня. Гаворыць прадстаўніца фонду Магдалена Левандоўска.
Магдалена Левандоўска: Трэба памятаць пра тое, што на пачатку 20-га стагодзьдзя Польшча была падзеленая паміж трымя імпэрыямі, і на польскіх землях дзейнічалі тры розныя сыстэмы сацыяльнага страхаваньня. Увогуле ўпершыню ў Эўропе сыстэма сацыяльнага страхаваньня была ўведзеная ў 80-х гадах 19-га стагодзьдзя канцлерам Ота фон Бісмаркам.
У адроджанай Польшчы Фонд сацстрахаваньня займаўся ня толькі зборам узносаў і выплатай дапамогі, але таксама праводзіў прафіляктычную й адукацыйную работу, напрыклад, датычную гігіенічнага стылю жыцьця. Фонд, для прыкладу, выдаваў бясплатны шматтыражны часопіс (70 тыс. экзэмпляраў), які называўся «Шлях да здароўя». У часопісе, між іншым, былі артыкулы на тэму барацьбы з заразнымі хваробамі, алькагалізмам, былі тэксты пра карысьць вакцынацыі. Акрамя таго, фонд друкаваў сацыяльныя прапагандысцкія плякаты, у якіх заклікаў да здаровага ладу жыцьця.
Больш за тое, арганізоўваў летні адпачынак для дзяцей рабочых. Пры гэтым фонд аплочваў ня толькі адпачынак й дарогу: дзеці атрымлівалі таксама бясплатныя рэчы тыпу бялізны ці спартыўных прыладаў. Адпачынак працягваўся чатыры тыдні.
Дарэчы, цікавы факт: у канцы 1930-х гадоў Фонд сацыяльнага страхаваньня Польшчы быў адной з найбольш сучасных арганізацый такога тыпу ў Эўропе, як і сама польская сыстэма сацстрахаваньня. У тыя часы сярэдняя пэнсія складала 40-50% ад сярэдняй зарплаты.
Калі пачалася вайна, у фонда было 1,5 млрд тагачасных злотых ашчаднасьцей – паводле сёньняшніх цэн гэта прыкладна 2,5 млрд эўра. Супрацоўнікі фонду вырашылі ратаваць фінансавыя сродкі. Першая партыя грошай была перахопленая Чырвонай арміяй каля Луцка, другая – зьнішчаная падчас нямецкага бамбаваньня, а трэцюю пасьпяхова ўдалося эвакуяваць. Грошы трапілі ў Вугорскі нацыянальны банк. Дарэчы, па сёньняшні дзень невядома, што сталася са згаданымі фінансавымі сродкамі.
Пасьля вайны Фонд сацыяльнага страхаваньня быў адроджана й працуе па сёньняшні дзень.
Валеры Саўко
матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе архіўных матэрыялаў Польскага радыё
слухайце далучаны гукавы файл

Пасьля вайны Фонд сацыяльнага страхаваньня быў адроджаны й працуе па сёньняшні дзень.

Валеры Саўко

матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе архіўных матэрыялаў Польскага радыё

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт