Сёлета Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі двое актывістаў, якія змагаюцца з наступствамі выкарыстаньня адной з найбольш жахлівых зброяў – ваенных згвалтаваньняў.
Надзя Мурад, языдка. Яе ў 2014 годзе выкралі ў Іраку баявікі Ісламскай дзяржавы. Разам з сястрой Надзя стала сэксуальнай нявольніцай. Дзяўчыне ўдалося зьбегчы ў Эўропу і яна напісала кніжку «Апошняя дзяўчына – гісторыя маёй няволі й барацьбы супраць Ісламскай дзяржавы». («The Last Girl: My Story of Captivity and My FightAgainst The Islamic State»). Надзі Мурад цяпер 25 гадоў.
З ахвярамі сэксуальнага знасілаваньня падчас вайны ўжо некалькі дзясяткаў гадоў працуе другі ляўрэат сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру гінэколяг Дэніс Муквегэ ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якую называюць «сусьветнай сталіцай ваенных згвалтаваньняў».
Доўгі час згвалтаваньні лічыліся «суправаджаючай» праблемай ваенных дзеяньняў. І толькі крывавыя войны ў Рэспубліцы Руанда, у б. Югаславіі напрыканцы XX-га ст. выклікалі інтарэс да зьявы і лёсу ахвяр.
Аднак жа да сёньня маштаб насільля ў раёнах канфліктаў дакладна не вядомы.
«Праблема закранае ня толькі жанчын, – адзначае Драгіня Надаждзін, дырэктарка польскага аддзяленьня Amnesty International. «У выпадку хлопцаў і мужчын стыгматызацыя і астракізм яшчэ мацнейшы, і таму так цяжка атрымаць інфарацыю ад ахвяр».
Згвалтаваньням прыдаюць стратэгічнае значэньне ваенных апэрацый. Напрыклад, басьнійкі пацьвярджаюць, што іх насілавалі з мэтай апладненьня. Гвалтаўнікі казалі жанчынам, што будуць яны нараджаць сэрбскіх сыноў і мяняць этнічны і нацыянальны склад краіны. У сваю чаргу ахвяры канфліктаў у Афрыцы падкрэсьліваюць, што мэтай згвалтаваньня было заражэньне вірусам ВІЧ.
Акрамя гэтага, жанчына лічыцца скарбніцай гонару і чыстасьці мужчыны, але й цэлага народу. Зганьбіць жанчыну – гэта як зганьбіць мужчыну або народ.
Ваеннае згвалтаваньне пакідае глыбокія псыхічныя і эмацыйныя траўмы. Да таго ж, грамадзтва адкідае зганьбаваную жанчыну. «Сэксуальнае насілаваньне можа выключыць з рынку працы», – адзначае Драгіня Надаждзін.
Амэрыканская дасьледчыца пытаньня Элізабэт Уод (Elisabeth Jean Wood) адзначае, што згвалтаваньне зьяўляецца ваеннай стратэгіяй, калі яно становіцца «бонусам» для баявікоў, свайго роду здабычай. Камандзіры, дазваляючы гэта, такім чынам кампэнсуюць недастатковую заплату й замацоўваюць ляяльнасьць. Групавое згвалтаваньне мае інтэграцыйнае значэньне – акт, зьдзейсьнены разам з іншымі мужчынамі, аб’ядноўвае. Тых, хто ня хочуць у гэтым удзельнічаюць, прымушаюць, што носіць характар рытуальнага падпарадкаваньня групе.
Polityka/яс