Logo Polskiego Radia
Print

Украінскае грамадзтва зноў у апатыі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.10.2018 20:14
  • Украінскае грамадзтва.mp3
4 гады таму ўкраінцы выйшлі на Майдан ды выступілі супраць плянаў улады адмовіцца ад эўрапейскага напрамку разьвіцьця.
Foto: EPA/SERGEY DOLZHENKO Dostawca: PAP/EPA

У наступныя гады ва Ўкраіне вырас узровень даверу да валянтэраў (60%) ды грамадзкіх арганізацый (45%). Украінцы дэкляравалі гатоўнасьць браць удзел у грамадзкіх акцыях. Сёньня сытуацыя зьмянілася, зноў у грамадзтве пачынае панаваць апатыя.

Наяўнасьць грамадзянскай супольнасьці лічыцца адным з паказьнікаў дэмакратычнасьці дзяржавы. З гэтым у постсавецкіх краін ёсьць сур'ёзныя праблемы, нягледзячы на тое, што Савецкага Саюза няма ўжо 27 гадоў.

Ва Ўкраіне за гэты час адбыліся шматлікія грамадзкія пратэсты ды дзьве рэвалюцыі: «Аранжавая» 2004 года ды «Годнасьці» 2014. Здавалася б, гэта павінна навучыць людзей, што трэба быць актыўным, глядзець на тое, што робяць улады, кантраляваць палітыкаў. Прыклады такіх дзеяньняў ва Ўкраіне ёсьць, але ў апошнія гады гэтая актыўнасьць ідзе на спад.

Паводле дадзеных Кіеўскага інстытута сацыялёгіі, цяпер 28% украінцаў лічаць выбары формай пратэсту, 16% гатовыя зьбіраць подпісы пад калектыўнымі зваротамі, 9% гатовыя хадзіць на мітынгі. Ва Ўкраіне зноў назіраецца пэрыяд грамадзкай апатыі. У чым прычына? Адна з галоўных прычын – гэта дзеяньні ўладаў, лічыць Натальля Еўчанка з кіеўскага аналітычнага цэнтру «Рэанімацыйны пакет рэформ».

Натальля Еўчанка: За апошні год ва Ўкраіне павялічылася колькасьць нападаў на грамадзкіх актывістаў. Гэта як псыхалягічны ціск, так і фізычная агрэсія. Нядаўна ў Кіеве нават праходзіла вялізарная акцыя «Ноч на Банкаўскай плошчы», каб прыцягнуць увагу да гэтай сытуацыі.

Больш за тое, улады актыўна помсьцяць антыкарупцыйным актывістам.

Натальля Еўчанка: З боку чыноўнікаў ды дэпутатаў была зьдзейсьненая помста актывістам. За тое, што актывісты дамагліся абавязковай дэклярацыі даходаў ды маёмасьці чыноўнікаў і дэпутатаў, Вярхоўная Рада прыняла закон аб электроннай дэклярацыі даходаў для антыкарупцыйных арганізацый ды актывістаў. Аднак арганізацыі і так паказваюць падатковай свае даходы, і на што яны выдаткоўваюцца. Палажэньні закона настолькі недакладныя, што пад яго падпадаюць нават асобы, якія мелі любы кантакт з арганізацыяй, напрыклад, прыйшлі на сустрэчу. Працэдура недакладная, адказнасьць – крымінальная. Гэта чарговы інструмэнт ціску на грамадзкіх актывістаў.

Яшчэ адна прычына такой сытуацыі – гэта неэфэктыўнасьць сілавых структур, кажа Любоў Ярэміч з кіеўскага Цэнтра грамадзкіх свабодаў.

Любоў Ярэміч: Наша ўлада пачынае цяпер закручваць гайкі. Мы бачым шмат падобнага да таго, што адбывалася ў Расеі. Законы пра замежных агентаў, забарону рускага міра. Мы бачым, што пад гэтыя артыкулы будуць трапляць у першую чаргу людзі з грамадзкага сэктара. Мы баімся думаць, як перажывем цяперашнія выбары. Можа адбыцца рэванш колішніх прарасейскіх сіл. Таксама працягваюцца напады на актывістаў ды вядзецца вайна паміж прыўладнымі бандыцкімі групоўкамі. Ёсьць цэлыя групы, якія займаюцца рэйдэрствам. Наша дзяржава, у сэнсе сілавых структур, вельмі неэфэктыўная, адсюль галоўная небясьпека.

Пасьля апошняй рэвалюцыі ва Ўкраіне прайшло 4 гады. За гэты час украінскае грамадзтва зноў упала ў апатыю. Асноўная прычына – гэта дзеяньні ўладаў, якія працягваюць змагацца з грамадзкім актывізмам і не змаглі абмежаваць карупцыю.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт