Logo Polskiego Radia
Print

Frontex ня будзе ахоўваць межы Эўразьвязу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.10.2018 15:02
У Брусэлі плянавалі, што эўрапейскае памежнае агенцтва пяройме ахову вонкавых межаў супольнасьці.
frontex.europa.eu

З гэтым не пагаджаюцца ўрады краін ЭЗ. Тэму асьвятляе штодзёнка "Rzeczpospolita".

Найбольшым прыхільнікам умацаваньня Frontex выступае Францыя. Францускі прэзыдэнт Эмануэль Макрон нават заявіў, што тыя, хто ня будуць падтрымліваць агенцтва, павінны выйсьці з Шэнгенскай дамовы. Парыж падтрымлівае плян Эўракамісіі павялічыць у бліжэйшыя гады бюджэт агенцтва з 1,7 мільярдаў эўра да 11 мільярдаў, асабовы склад з 1,5 тысячы супрацоўнікаў да 10 тысяч. Узмоцнены Frontex заняўся б затрыманьнем нелегальных мігрантаў на вонкавай мяжы ЭЗ ды іх дэпартацыяй. Брусэль хоча, каб дадзены плян быў прыняты да канца года.

Аднак супраць дадзенай ініцыятывы выступае шэраг краін ЭЗ, піша выданьне. У першую чаргу, сярод незадаволеных знаходзяцца ўрады Гішпаніі, Італіі ды Грэцыі. Гэтыя краіны непакояцца, што агенцтва будзе дыктаваць ім палітыку адносінаў да нелегальных мігрантаў.

Яшчэ больш востра выступіў урад Харватыі, які заявіў, што харваты самастойна спраўляюцца з кантролем за сваімі межамі ды не патрабуюць падтрымкі. Супраць узмацненьня Frontex выступаюць таксама краіны Вышаградзкай групы. Тут непакояцца, што больш грошай на Frontex будзе азначаць менш сродкаў з ЭЗ на новыя дарогі і структурныя інвэстыцыі, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт