Logo Polskiego Radia
Print

З Гальшан пачалася дынастыя Ягелонаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 18.10.2018 10:00
  • 1018 Варшаўскі мост - С.Гальшанская.mp3
Соф’я Гальшанская дала нашчадкаў Ягайлу.
Ля палаца Сапег у Гальшанах. 1812 г. Малюнак Альбрэхта Адама
Ля палаца Сапег у Гальшанах. 1812 г. Малюнак Альбрэхта Адама Фото: commons.wikimedia.org/Public Domain

У Гальшанах заканчваецца кансэрвацыя і рэстаўрацыя паўночнай вежы палаца Сапег. Ён быў узьведзены ў XVII ст. Яго апеў Уладзімір Караткевіч у сваім рамане “Чорны замак Альшанскі”. Пра тое ж, што ў Гальшанах ёсьць яшчэ адна мясьціна, ня менш легендарная, вядома менш. Хаця менавіта адтуль пачынацца гісторыя польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

На гарадзішчы, якое знаходзіцца ўбаку ад палаца Сапег, стаяла рэзыдэнцыя літоўскіх князёў Гальшанскіх, некалі магутнага і ўплывовага роду. Паводле сьведчаньняў храністаў, у палац Гальшанскіх у XV ст. зьбіраліся на зьезды вырашаць свае справы найбагацейшыя людзі Вялікага Княства Літоўскага.

Радавод князёў легенда зьвязвала з дынастыяй, якая кіравала Літвой да Гедыміна. Гісторыкі мяркуюць, што Гальшанскія маглі быць сваякамі князя Тройдзеня, які валодаў Літвой пасьля Міндоўга, у другой палове XIII ст. Хто ведае, ці не былі ў той час Гальшаны адным з цэнтраў той дзяржавы?

Гарадзішча
Гарадзішча ў Гальшанах, дзе знаходзілася рэзыдэнцыя князёў Гальшанскіх. 1965 г. Фота: https://web.facebook.com/photo.php?fbid=2095138937163423&set=a.353657584644909&type=3&theater

Першы вядомы з князёў Гальшанскіх, Альгімонт, служыў, паводле паданьня, пры двары Гедыміна. Іван Альгімонтавіч, мяркуючы па яго не літоўскім, як у бацькі, а рускім імі, прыняў праваслаўе, а затым стаў адным з найбліжэйшых памочнікаў Вітаўта ў барацьбе за ўладу.

Іван сватаў Соф’ю, дачку Вітаўта, да маскоўскага вялікага князя Васілія Дзімітрыевіча, а Ульяна Іванаўна Гальшанская ў 1418 г. стала жонкай ужо самога Вітаўта. Вітаўт з Ульянай не пакінулі нашчадкаў.

А вось унучка Івана Альгімонтавіча, Соф'я, стала родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў.

Унук Гедыміна, польскі кароль Ягайла трыццаць гадоў чакаў нашчадка. «Меў я тры жонкі — дзьве палячкі і адну немку. Мо хаця б з рускага (г.зн., па тэрміналёгіі XV ст., беларуска-ўкраінскага) роду Бог мне дасьць дзяцей», — прасіў сямідзесяцігадовы Ягайла свайго кузэна Вітаўта быць яго сватам і знайсьці жонку з суайчыньніц — ліцьвінку або русінку.

Сына не нарадзіла каралю ні Ядвіга, ні дзьве іншыя жонкі — Ганна і Эльжбета. Эльжбета перад сьмерцю прадказала: «Я сыходжу з гэтага сьвету, каб ты злучыў свой лёс з той, якая лепш выканае свой абавязак. Я веру: ты яшчэ будзеш мець сыноў».

Вітаўт, як брат, Ягайлу дапамог — знайшоў Соф'ю Гальшанскую. Зрэшты, падбіраючы жонку, ён употай спадзяваўся, што кароль з-за старасьці так і не пакіне нашчадкаў і польскі трон зойме ён сам — Вітаўт.

Сямнаццацігадовая Соф'я магла быць каралю ўнучкай. Але бацькі не пыталіся ў дзяўчыны, ці хоча яна выходзіць замуж за Ягайлу.

Бацька Соф'і Андрэй — з роду літоўскіх князёў Гальшанскіх — памёр рана, яго жонка Аляксандра, з рускага (беларускага) княжацкага сямейства Друцкіх, аўдавеўшы, пераехала жыць да брата Сямёна. Той і стаў галоўнай фігурай у гісторыі з жаніцьбай Ягайлы.

Сямён сустрэў Ягайлу ў Друцку спачатку адзін. Пра жаніцьбу ніхто не казаў, усе чакалі свата — Вітаўта. Менавіта ён павінен быў прасіць рукі Соф'і для брата.

Але раптам зьявілася перашкода. Сямён Друцкі заявіў, што ня можа выдаць Соф'ю: маўляў, ёсьць старэйшая сястра — Васіліса. Ягайла разгубіўся: «Васіліса цудоўная, але мае вусы — відаць, дзеўка моцная. Я ж — чалавек стары, не для мяне яна». Сямідзесяцігадовы кароль хітраваў: баяўся, як запэўніваюць гісторыкі, ператварыцца ў падабцасьніка.

Пячатка
Пячатка каралевы Польшчы Соф'і Гальшанскай. 1435 г. Фота: commons.wikimedia.org/Archiwum Główne Akt Dawnych/Public Domain

22 сакавіка 1422 г. Ягайла ўсё ж узяў шлюб менавіта з Соф'яй. У Навагарадку касьцёл ля замка, дзе яны абвянчаліся, захаваўся да гэтага часу — дакладней, ацалела гатычная капліца ад храма, дзе, мабыць, вянчаліся кароль і яго новая жонка.

Ягелоны — так сталі называць нашчадкаў пары — паўтара стагодзьдзя кіравалі большай часткай Усходняй Эўропы. Першынец Соф'і Ўладыслаў Ягайлавіч празь месяц пасьля сьмерці Ягайлы стаў каралём Польшчы, а празь пяць гадоў сеў на вугорскі трон. Трэці сын Казімер стаў вялікім князем літоўскім, а затым і польскім манархам. Унукі Гальшанскай пасьпелі пасядзець і на чэскім троне.

Сама Соф'я памерла ў 1461 годзе. Пахавалі яе ў кракаўскім катэдральным касьцёле, але па праваслаўным звычаі. Даўшы польскай дзяржаве новую дынастыю, яна так і засталася ў гісторыі Польшчы ў цяні мужа, пад праставатай мянушкай Сонька.

Род Гальшанскіх згас ў другой палове XVI ст.

Соф’ю Гальшанскую на бацькаўшчыне не забылі час. У Гальшанах усталявалі памятны валун у гонар Соф'і. А Нацыянальны банк Беларусі выдаў манету з профілем суайчыньніцы.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт