Logo Polskiego Radia
Print

Польшчу чакаюць нэгатыўныя наступствы ў выніку зьмены клімату

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.10.2018 15:15
Напрыклад, у Лодзінскім ваяводзтве можа назірацца апустыньваньне.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

«Экалягічная палітыка дзяржавы 2030» – так называецца падрыхтаваны Міністэрствам навакольнага асяродзьдзя стратэгічны дакумэнт, які ўрад павінен прыняць цягам бліжэйшых месяцаў – піша «Gazeta Wyborcza». У ім аўтары пішуць пра небясьпеку, зьвязаную з пацяпленьнем клімату. Палякаў чакаюць экстрэмальныя зьявы: хвалі сьпякоты і маразоў, засухі, паводкі ды ўраганны вецер.

Напрыклад, у Лодзінскім ваяводзтве можа назірацца апустыньваньне. Дэфіцыт вады ўжо цяпер зьяўляецца праблемай, а ён будзе толькі паглыбляцца і аказваць вялізны нэгатыўны ўплыў на сельскую гаспадарку. Паралельна з пэрыядамі засухі кароткія, але вельмі інтэнсіўныя ападкі могуць выклікаць паводкі ў далінах рэк. Ураганы ды сьмерчы акажуць найбольшы ўплыў на сельскую гаспадарку, будаўніцтва, энэргетыку ды турызм у Любускім, Паморскім і Мазавецкім ваяводзтвах. Магутныя навальніцы, такія, як у жніўні мінулага году, стануць частай зьявай і прымусяць зьмяніць спосаб праектаваньня дарог, будынкаў, чыгуначных трас.

У асобным разьдзеле апісаныя наступствы кліматычных зьменаў у 44 польскіх гарадах. У 41-ым горадзе кліматычныя зьмены выклікаюць рост колькасьці захворваньняў на хваробы сэрца і органаў дыханьня, у 36-ці дажджы і крайнія тэмпэратуры будуць выклікаць аварыі транспарту, а 14-ці пагражаюць аварыі энэргетычнага сэктару.

Кліматычныя зьмены – гэта самая вялікая пагроза для чалавецтва, – адзначае Вэраніка Міхаляк з HEAL Polska – арганізацыі, якая аналізуе ўплыў асяродзьдзя на грамадзкае здароўе. Тым часам у Польшчы паніжаюцца выдаткі на ахову навакольнага асяродзьдзя. У 2015 годзе гэта было 15,2 млрд. злотых, а ў 2016 – толькі 6,5 млрд. Палітыкі не зьбіраюцца ўсур’ёз задумацца, якім чынам адмовіцца ад вугалю для абагрэву дамоў, які зьяўляецца вельмі не экалягічным палівам.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт