"У Вярхоўным судзе ў нас хаос і анархія"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
01.10.2018 12:03
Гэтак набліжаны да прэзыдэнта міністар называе сытуацыю, якая склалася ў польскай судовай сыстэме.
pixabay.com/Public Domain CC0
Нарастае напружанасьць у адносінах паміж судзьдзямі Вярхоўнага суду і дзяржаўнымі ўладамі Польшчы. У выданьні «Dziennik Gazeta Prawna» інтэрвію з міністрам канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Анджэем Дэрам, які кажа, што калі судзьдзі ня будуць законапаслухмянымі, то дзяржаўныя ўлады будуць прымушаныя рашуча адрэагаваць.
Гаворка ідзе перш за ўсё пра судзьдзяў, якім споўнілася 65 гадоў. Яны па законе павінны выйсьці на пэнсію, але некаторыя чальцы Вярхоўнага суду не жадаюць гэтага зрабіць, застаюцца на працы, што выклікае неразьбярыху. Анджэй Дэра адзначае, што ў такой сытуацыі, каб далей выдаваць прысуды, судзьдзя павінен зьвярнуцца з заявай да прэзыдэнта. Галава дзяржавы вырашыць, ці судзьдзя можа застацца на сваім працоўным месцы, беручы пад увагу якасьць яго працы. Аднак судзьдзі мяркуюць, што яны ведаюць лепш.
На думку прадстаўніка прэзыдэнта, тое, што робяць судзьдзі, гэта судовы прэцэдэнт, стварэньне такога права, якое зручнае самім судзьдзям, патрэбнае іх працоўнай групе, каб яна магла бараніцца. Дэра кажа, што ў Вярхоўным судзе назіраецца анархія, судзьдзі не прызнаюць законаў. Гэта вельмі небясьпечная сытуацыя з пункту гледжаньня функцыянаваньня дзяржавы. Судзьдзя кажа: я ня буду трымацца гэтага права, бо на маю думку яно пярэчыць канстытуцыі. Раней не было такога падыходу, калі хтосьці не згаджаўся з законам, то зьвяртаўся ў Канстытуцыйны суд.
Што ў такой сытуацыі зробіць прэзыдэнт? Па словах Анджэя Дэры, ён будзе прытрымлівацца законаў, прыме рашэньне пасьля прааналізаваньня справы і атрыманьня экспэртызы з Нацыянальнай рады судзьдзяў (Krajowa rada Sądownictwa).
Dziennik Gazeta Prawna/нг