Logo Polskiego Radia
Print

Жанчыны ў беларускай палітыцы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.09.2018 14:36
Беларускія жанчыны ня хочуць, каб ім паказвалі шлях, па якому яны павінны ісьці.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Яны хочуць роўнай дыскусіі з мужчынамі. Вельмі яскрава гэта праяўляецца ў палітыцы.

У Беларусі жанчыны адыгрываюць значную ролю ў палітыцы. Праўда, напачатку 1990-х гадоў яны былі больш заўважальныя. Выбарцы іх падтрымлівалі звычайна больш ахвотна, чым мужчынаў. Потым жанчыны адышлі на другі плян. Зараз жанчыны ў палітыцы – гэта альбо выканаўцы, ляяльныя ўладзе ў рамках выдзеленай квоты ў Палаце прадстаўнікоў (30% жанчын і моладзі), альбо дысыдэнткі. Распавядае Людміла Гразнова, вядомая беларуская жанчына-палітык.

Людміла Гразнова: Калі казаць пра адсотaк жанчын у парлямэнце, то гэта намінальна – кветкі ў акне, каб упрыгожыць ды пусьціць пыл у вочы эўрапейцам. Насамрэч, жанчыны абмежаваныя рольлю, якую навязвае ўлада – быць ляяльнай і выконваць загады. Гэта не палітыка, бо няма гульцоў і сцэны. Калі казаць пра апазыцыйны асяродак, то тутака становішча жанчын лепшае. Тут дзейнічаюць дэмакратычныя мэханізмы. Мы бачым добрыя імёны жанчын сярод грамадзкіх актывістаў і сярод палітыкаў. Гэта бясцэнныя жанчыны, якія чакаюць, калі прыйдзе нармальны час, каб у адкрытай палітыцы заявіць пра свае інтарэсы.

Столькі гадоў у палітыцы, ці вам было цяжэй, таму што вы жанчына?

Людміла Гразнова: Калі ёсьць добрая адукацыя й зьнешняя прывабнасьць - гэта добры падмурак для кар'ернага росту жанчыны. У часы, калі была дэмакратыя – у часы Шушкевіча, я пачынала, і бачыла гэтыя магчымасьці. Мне было лягчэй, чым маім калегам мужчынам, таму што паміж імі была вельмі сурʼёзная канкурэнцыя, а жанчын было няшмат, электарат добра да нас ставіўся, і мы хутка ўзышлі на палітычны Алімп. Цяпер іншыя абставіны, зараз мы ў дысыдэнцкім асяродку, але мы таксама адчуваем павагу да нас.

Сацыёлягі каюуць, што нават цяпер жанчыны-палітыкі ў Беларусі часта атрымліваюць большую электаральную падтрымку, чым мужчыны. Гаворыць сацыёляг Андрэй Вардамацкі.

Андрэй Вардамацкі: Гэта такая агульная заканамернасьць, што жанчын падтрымліваюць больш. Адносна партыйных сьпісаў, то звычайна тыя, хто займае першыя месцы ў сьпісах, маюць перавагу, таму робіцца прынцып ратацыі, калі зьмяняюцца прозьвішчы ў бюлетэнях месцамі.

Час калі жанчына ў палітыцы ўспрымалася менш пазытыўна ў Беларусі мінае, разам са зьменай пакаленьняў, – лічыць шматгадовая супрацоўніця АБСЭ Надзея Жукава.

Надзея Жукава: Раней у Беларусі жанчынам ісьці ў палітыку было вельмі цяжка. Грамадзтва ўспрымала гэта кансэрватыўна. Для большасьці жанчын-палітыкаў, якіх мы бачым, рашэньне ісьці ў палітыку азначала адмову ад пэўных магчымасьцяў у асабістым жыцьці. Я думаю, што яшчэ пакаленьне нашых бацькоў успрымае з цяжкасьцю прысутнасьць жанчын у палітыцы. Але наступным пакаленьням будзе лягчэй: тым, каму зараз 20-30, той, хто вучыцца ўва ўнівэрсытэтах, гэтым дзеўчынам будзе лягчэй ісьці ў палітыку. Напрыклад, калі ў Латвіі выбралі прэзыдэнтам жанчыну, спачатку латышы не маглі з гэтым пагадзіцца. Потым яна стала адной з найбольш папулярных асобаў у гэтай краіне. Мне падаецца, што таксама ў беларускіх жанчын ёсьць магчымасьць ня толькі пайсьці ў палітыку, зайсьці на высокія пасады.

У эўрапейскай палітыцы жанчыны пачынаюць адыгрываць вельмі значную й актыўную ролю. У Беларусі жанчыны таксама маюць высокі патэнцыял. У беларускім грамадзтве паволі рашэньне жанчыны ісьці ў палітыку ўспрымаецца як праява незалежнасьці й самастойнасьці.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт