У сталіцы людзі ўсё ахвотней купляюць кватэры ў маладых мікрараёнах
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
12.09.2018 17:03
Як цяпер выглядае рынак жыльля ў Беларусі, ці трэба спадзявацца на ім выразных зьменаў?
pixabay.com/Public Domain CC0
Верасень і кастрычнік – гэта час, калі на рынку нерухомасьці як правіла назіраецца ажыўленьне. Людзі вяртаюцца з водпускаў, многія з тых, хто хоча памяняць жыльлё, пачынаюць вывучаць прапановы забудоўшчыкаў ды цэны на кватэры з другаснага рынку. З канікулаў вяртаюцца студэнты і таксама пачынаюць актыўна шукаць жыльлё.
Як цяпер выглядае рынак жыльля ў Беларусі, ці трэба спадзявацца на ім выразных зьменаў? Мы запыталі пра гэта спэцыяліста.
На працягу апошняга году попыт на кватэры ў Менску ды агулам у Беларусі быў адным з самых высокіх за ўсю гісторыю. Так сталася дзякуючы большай даступнасьці гіпатэчных крэдытаў у выніку паніжэньня стаўкі рэфінансаваньня, цэны на кватэры падняліся на 15-20%, але цяпер попыт стабілізаваўся цэны расьці ўжо не павінны, хаця ўсе чакаюць, што будзе з курсам даляра, паколькі ён моцна ўплывае на рынак нерухомасьці, – гаворыць экспэрт рынку нерухомасьці Арцём Сахарэвіч.
Ня так даўно прагучала гучная заява былога ўжо міністра будаўніцтва і архітэктуры Анатоля Чорнага, што Менск будзе забудоўвацца яшчэ максымальна 5 гадоў, а пазьней жыльлёвае будаўніцтва будзе практычна спыненае. Наш суразмоўца кажа, што словы міністра зусім не зразумелыя, паколькі ў сталіцы існуюць пляны забудовы на 10 і больш гадоў наперад.
У Менску назіраецца парадаксальная карціна: цэны жыльля на другасным рынку крыху вышэйшыя, чым на першасным. Здавалася б, павінна быць наадварот – новыя кватэры павінны быць даражэйшыя, прынамсі так выглядае сытуацыя ў сталіцы Польшчы. На думку экспэрта, у Беларусі паступова гэтая тэндэнцыя будзе мяняцца, кошты жыльля на другасным рынку будуць паніжацца ў параўнаньні з новымі кватэрамі.
У многіх эўрапейскіх краінах новыя кватэры здаюцца поўнасьцю гатовымі – з усімі рамонтнымі работамі, толькі засяляйся і жыві. У Беларусі, ды і ў Польшчы таксама, пакупнікі набываюць пераважна голыя сьцены, дзе трэба яшчэ прысьвяціць паўгоду на рамонт, на аддзелку. Меркаваньнем спэцыяліста, гэтая сытуацыя ў бліжэйшым часе ня зьменіцца, многія людзі лічацца з грашыма. І таму яны выбіраюць самастойны рамонт кватэры па ніжэйшых коштах.
Якія жылыя раёны ў Менску карыстаюцца самай вялікай папулярнасьцю, ці нешта мяняецца ў гэтым пляне? Па словах Арцёма Сахарэвіча, людзі ўсё больш ахвотна купляюць кватэры ў адносна новых мікрараёнах, дзе забудова закончылася некалькі гадоў таму. І цяпер яны абрастаюць інфраструктурай. У сваю чаргу падае попыт на раёны, якія будаваліся ў 70-80 гады.
Поўную гутарку з Арцёмам Сахарэвічам слухайце ў далучаным гукавым файле
нг