Logo Polskiego Radia
Print

Мэдыцынская марыхуана неўзабаве зьявіцца ў польскіх аптэках

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.09.2018 16:44
На працягу году ў Польшчы не было пастаўшчыкоў гэтага рэчыва.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польскае заканадаўства дазваляе продаж марыхуаны ў мэдыцынскіх мэтах ужо год. Аднак, да гэтай пары яе не купіў ніводзін пацыент. Перашкодай зьяўляецца неадназначнае польскае права.

Згодна з распараджэньнем міністра аховы здароўя, сыравіна, зь якой фармацэўты ў аптэках будуць рыхтаваць лекі, мусіць выконваць крытэры фармацэўтычнай сыравіны. Адзін з крытэраў гаворыць пра наяўнасьць актыўнага рэчыва ў пэўнай колькасьці экстракту з сыравіны і гэта мусіць быць сталая колькасьць.

На працягу году, з моманту як сэйм прыняў закон аб мэдыцынскай марыхуане, у Польшчы не было пастаўшчыкоў гэтага рэчыва. Толькі ў чэрвені зьявілася кампанія, якая падала на рэгістрацыю прэпарат з марыхуаны. Гэта фірма Spectrum Cannabis, якая зьяўляецца часткай канадзкай капіталавай групы Canopy Growth. Спачатку кампанія правяла дасьледаваньне рынку й вызначыла, што ў Польшчы запатрабаванасьць на мэдыцынскія каноплі маюць 300 тысяч чалавек.

Частка палітыкаў, якія прымаюць адпаведныя законы, падвяргае сумневам эфэктыўнасьць лячэньня марыхуанай. Аднак доктар Ежы Яраш (Jerzy Jarosz), які ў «Кансультатыўным пункце мэдыцынская марыхуана» прымае пацыентаў, даказаў, што марыхуана залагоджвае боль, зьвязаны з анкалягічнымі захворваньнямі, дапамагае пацыентам з хваробай Альцгаймэра і з хваробай Крона.

Прадстаўнікі фірмы, якая першай падала на рэгістрацыю прэпарат з марыхуаны, спадзяюцца, што ў палове верасьня ён будзе прадавацца ў аптэках.

Dziennik. Gazeta Prawna/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт