У Менску самыя папулярныя кнігі дзя дзяцей, якія дагэтуль выходзілі толькі па-расейску, перакладаюць і выдаюць па-беларуску.
Выдавецтва «Харвест» пачало праект па выданьні кніг для дзяцей на беларускай мове.
Над перакладамі працуюць Міраслаў Адамчык, Наталка Бабіна, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Наста Кудасава.
Пісьменьнік і мастак Адам Глобус, адзін з ініцыятараў праекта, гаворыць, што рэалізацыя ідэі зробіць даступнай для беларускамоўных дзяцей і іх бацькоў найбольш запатрабаваную ў выхаваньні літаратуру — ад азбук і казак да выданьняў, якія дапамагаюць дзіцяці пазнаваць навакольны сьвет, прыроду.
Адам Глобус адзначае вельмі важную тэндэнцыю: прыватны капітал у абліччы выдавецтва «Харвест» павярнуўся тварам да беларускай мовы. Чаму гэта адбылося менавіта цяпер?
Адам Глобус лічыць, што попыт на беларускамоўную літаратуру для дзяцей павялічваецца. І актыўнасьць прыватнага выдавецтва, у сваю чаргу, гэта адказ на пэўную пасіўнасьць з боку дзяржавы, якая недастаткова актыўна падтрымлівае жаданьне людзей вучыць сваіх дзяцей па-беларуску.
Адам Глобус Фота: facebook.com/adam.hlobus
Кнігі, якія выпускае выдавецтва «Харвест», зьяўляюцца пэўнага роду адказам на «сабатаж» улад, якія на патрабаваньні бацькоў не адкрываюць для беларускамоўных дзяцей сады і школы.
Усе кнігі «Харвеста» будуць запатрабаваны і сучаснымі дзецьмі і іх унукамі, лічыць Адам Глобус. Бо беларусізацыя, відавочна, расьцягнецца на доўгія гады.
Адам Глобус спадзяецца, што ўрэшце ня толькі бацькі, але і дзяржаўныя бібліятэкі, і школы будуць заказваць кнігі на беларускай мове, якія выпускае выдавецтва «Харвест».
Сярод выданьняў «Харвеста» вылучаюцца энцыкляпэдыі для дзяўчат з парадамі па дамаводзтве, кулінарыі, прыгажосьці, модзе і стылі, для падлеткаў — пра космас, краіны і народы, чалавека і яго здароўе, жывёл і расьлін.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл