Logo Polskiego Radia
Print

Польшча рыхтуецца да кантракту на пастаўкі сыстэмы "Патрыёт"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.08.2018 14:23
Да канца году павінны быць заключаныя дамовы з ЗША.
Foto: Darkone/Wikimedia Commons

Яшчэ пад канец сакавіка стала вядома, што Польшча ў рамках праграмы "Вісла" закупіць амэрыканскія сыстэмы супрацьракетнай абароны Патрыёт – нагадвае «Dziennik Gazeta Prawna». Тады на падпісаньні пагадненьня прысутнічаў прэзыдэнт Анджэй Дуда і міністар абароны Марыюш Блашчак. Паведамлялася, што ў рамках кантракту будзе падпісана агулам 10 дамоў – 5 унутры Польшчы і 5 з амэрыканскім урадам.

Праз пяць месяцаў пасьля тых падзей яшчэ ніводная дамова не была падпісаная, хаця дзьве знаходзяцца ўжо ў фінальнай фазе. Да канца году павінны быць заключаныя дамовы з ЗША. Дамоўленасьці з польскімі пастаўшчыкамі павінны быць падрыхтаваныя ў будучым годзе, што зьвязана з перамовамі па гэтак званай другой фазе праграмы «Вісла». У рамках першай краіна купляе дзьве батарэі Патрыёт, у рамках другой – вядзе перамовы аб набыцьці чарговых шасьці. Можна спадзявацца, што ў першай палове наступнага году амэрыканскі бок прадставіць свае падлікі наконт максымальнай цаны, і тады польскі ўрад зможа вырашыць, што дакладна ён намераны набыць. Пакупка шасьці сыстэм здаецца мала рэальнай, паколькі гэта вялізны выдатак – на ўзроўні 30-40 млрд. злотых.

Паводле інфармацыі крыніц выданьня, ёсьць палітычны прэсінг, каб дамова гэтак званай другой фазы была гатовая яшчэ перад парлямэнцкімі выбарамі. Праграму «Вісла», якая датычыць абароны неба сярэдняга радыюсу, плянуецца зьяднаць з праграмай «Нараў» – сыстэмай кароткага радыюсу дзеяньня.

Пакуль што невядома, з якіх крыніц паступіць падатак, які павінна заплаціць міністэрства нацыянальнай абароны ў сувязі з пакупкай "Патрыётаў". Гаворка ідзе пра прыкладна 3 млрд. злотых падатку. Праўда, гэтыя грошы застануцца ў бюджэце дзяржавы, але калі ня будзе створаны адмысловы рэзэрв на гэтыя мэты, то на такую суму зьбяднее мінабароны.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт