Ці гэта не адаб’ецца нэгатыўна для Аўстрыі? Адказу на гэтае пытаньне шукае штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
На пачатку жніўня міністарка паведаміла, што ейны шлюб будзе сьціплай цырымоніяй. Аднак на днях стала вядома, што імпрэза пройдзе ў замку Гнэісл, на яго запрошана 150 гасьцей, сярод якіх будзе канцлер Аўстрыі Сэбаст’ян Курц ды прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Аўстрыйскія СМІ паведамляюць, што міністарка ня мае сувязяў з Расеяй. У Маскве была раз, а Пуціна запрасіла з ветлівасьці на свой шлюб, падчас чэрвеньскага візыту расейскага прэзыдэнта ў Вену, піша выданьне. Расейскі лідар прыняў запрашэньне. Прыезд кіраўніка атамнай дзяржавы на вясельле кіраўніка дыпляматыі малой краіны не зусім адпавядае дыпляматычным стандартам. Час Пуціна вельмі каштоўны, чаму ён захацеў змарнаваць яго на ўдзел у падзеі без палітычнага значэньне, задаецца пытаньнем выданьне.
З аднаго боку, яшчэ з часоў Халоднай вайны Аўстрыя мела добрыя адносіны з Масквой. Расейскія канцэрны ды спэцслужбы маюць тут свае аддзелы, адкуль ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць. Вена на гэта заплюшчвае вочы, займаючы пазыцыю, што шпіёнства – гэта тая, дзейнасьць, якая скіраваная супраць Аўстрыі. Рэштка Вену не хвалюе, тым больш, што расейцы прывозяць з сабой грошы, піша выданьне. Па-другое, Пуцін мае сантымэнты да гэтай краіны з часоў сваёй службы ў КДБ ва Ўсходняй Нямеччыне. Менавіта ў Аўстрыю ён езьдзіў адпачываць, катацца на лыжах.
Самае важнае, піша газэта, гэта сувязі Расеі з аўстрыйскай крайне правай партыяй Свабоды. Ад сьнежня яна ва ўрадавай кааліцыі, а міністар замежных спраў абраны з падтрымкай гэтай партыі. Аўстрыйскія крайне правыя скептычна ставяцца да ЭЗ і наадварот падтрымліваюць добрыя кантакты з Крамлём. Прыезд Пуціна для іх важны знак у іх падтрымку.
Аднак, самае важнае, піша выданьне, гэта тое, што аўстрыйскі візыт Пуцін можа быць знакам для Ангелі Мэркель. Зь ёй крамлёўскі гаспадар сустракаецца ў суботу. Масква дэманстрацыйна паказвае, што перад сустрэчай з адной з найбольш уплывовых жанчын сьвету, Пуцін наведае міністарку малой краіны, без палітычнага досьведу, піша выданьне.
юл