Logo Polskiego Radia
Print

Сталін хлусіў Андэрсу (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 14.08.2018 15:30
  • 0814 77 год польскай арміі ў СССР.mp3
14 жніўня 1941 г. Польшча і СССР заключылі дагавор аб фарміраваньні польскага войска на чале з генэралам Андэрсам.
Бузулук, сьнежань 1941 г. Генэралы Ўладыслаў Сікорскі, Уладыслаў Андэрс і інш. прымаюць парад польскіх аддзелаў Бузулук, сьнежань 1941 г. Генэралы Ўладыслаў Сікорскі, Уладыслаў Андэрс і інш. прымаюць парад польскіх аддзелаў Фота: commons.wikimedia.org/Domena publiczna

77 гадоў таму, 14 жніўня 1941 г., прадстаўнікі польскага ўрада ў выгнаньні, і СССР заключылі ваеннае пагадненьне, у адпаведнасьці зь якім пачалося фарміраваньне польскага войска ў СССР. Генэрал Уладыслаў Сікорскі, прэм'ер-міністар польскага ўрада ў выгнаньні і галоўнакамандуючы Ўзброеных Сіл Польшчы, даверыў камандаваньне арміяй генэралу Ўладыславу Андэрсу.

Стварэньне польскіх войск на тэрыторыі СССР было адным з пунктаў дагавора, падпісанага Ўладыславам Сікорскім, прэм'ер-міністрам польскага ўрада ў выгнаньні, і паслом СССР у Лёндане Іванам Майскім у ліпені 1941 года — аб аднаўленьні дыпляматычных адносін паміж Польшчай і Савецкім Саюзам, разарваных у 1939 годзе.

Пагадненьне ад жніўня 1941 года прадугледжвала стварэньне польскай арміі, якая павінна была змагацца супраць немцаў разам з Чырвонай Арміяй і войскамі іншых дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі.

Пагадненьне аб фарміраваньні польскай арміі ў СССР было толькі часовай саступкай Сталіна, выкліканай складанай сытуацыяй на савецка-нямецкім фронце.

Генэрал Уладыслаў Андэрс, арганізатар і камандуючы польскай арміяй у Савецкім Саюзе, пра свае новыя задачы даведаўся ў турме на Лубянцы. Адтуль яго адправілі да народнага камісара ўнутраных спраў СССР Лаўрэнція Берыі і яго намесьніка Ўсевалада Мяркулава. Пасьля вайны генэрал Андэрс так успамінаў пра гэту сустрэчу.

Уладыслаў Андэрс: Я быў пагаліўшыся, мне далі кашулю. Я ішоў на мыліцах, зь вялікімі намаганьнямі. Але да мяне ставіліся ветліва. Ніхто не выкручваў рукі, не прымушаў трымаць іх за патыліцай і не штурхаў. Я праходзіў праз калідоры, кабінэты. Урэшце ўвайшоў у шыкоўны кабінэт і ўбачыў двух спадароў у цывільным адзеньні. Яны прадставіліся: Берыя і Мяркулаў. Як пан генэрал сябе адчувае? Можа вып’еце гарбаты? — прапанавалі яны. І ўрэшце, на маё пытаньне, чаго яны ад мяне хочуць, адказалі: вы свабодны.

Кіраўніцтва
Кіраўніцтва польскіх узброеных сіл у СССР. У першым радзе ў цэнтры Ўладыслаў Андэрс. 1942 г.

Перад падпісаньнем дагавора паміж СССР і Польшчай была абвешчана амністыя для польскіх грамадзян — сасланых, зьняволеных у турмах НКУС і дэпартаваных у працоўныя лягеры. Аднак ня ўсе палякі былі вызвалены, многія не атрымалі інфармацыю аб фарміраваньні польскага войска. Афіцэры, якіх раней трымалі у лягерах ў Казельску, Старабельску і Асташкаве, таксама не прыбылі ў арганізаванае войска — як высьветлілася ў красавіку 1943 года, яны сталі ахвярамі катынскай разьні.

Савецкія ўлады пастаянна пазьбягалі адказаў на пытаньні аб зьніклых бязь вестак і перашкаджалі польскім уладам праводзіць пошукі.

Генэрал Андэрс так успамінаў пра адну са сваіх размоў са Сталіным на гэту тэму.

Уладыслаў Андэрс: Я паказаў яму сьпіс з 4-х тысяч афіцэраў, зь якіх аніводзін ня быў знойдзены. Яны ўцяклі, — сказаў Сталін. Куды ж яны маглі ўцячы? “Ну, у Манчжурыю”.

Маёр Юзаф Чапскі, які атрымаў ад генэрала Андэрса заданьне знайсьці польскіх афіцэраў, успамінаў пра рашучасьць камандуючага.

Юзаф Чапскі: Яго тагачасныя размовы са Сталіным, яго перагаворы, яго спробы разбудовы войска былі вельмі цяжкай праблемай. Гэтыя бясконцыя тэлеграмы ў НКУС па ўсёй Савецкай Расеі, якія генэрал Андэрс заўсёды падпісваў... Ніколі генэрал Андэрс не спыняўся ў змаганьні за нашых зьніклых калегаў.

У сувязі з такім стаўленьнем расейцаў да палякаў генэрал Андэрс пачаў гаварыць пра жаданьне палякаў пакінуць СССР. У сакавіку 1942 г. Сталін пагадзіўся адпусьціць тых салдат, якім не ставала ежы — расейцы не хацелі павялічваць пайкі для польскай арміі. Гэта прывяло да эвакуацыі польскіх салдат і цывільных асоб з Савецкага Саюза. Польскія бежанцы накіроўваліся ў Іран. Эвакуацыя адбылася ў два этапы — у сакавіку-красавіку і ў жніўні 1942 года.

Адным з тых, хто эвакуіраваўся, была Элеанор Барска, для якой Іран стаў другім домам. Калі яна прыехала ў Тэгеран, ёй было 15 гадоў. Яна ўспамінала, што ў Іране для палякаў ствараліся ўмовы жыцьця як на бацькаўшчыне.

Элеанор Барска: У нас былі польскія школы, усе настаўнікі былі палякамі. Мы жылі і выхоўваліся там як у Польшчы. Самой Польшчы я тады ня памятала.

Браніслава Ендрух трапіла ў Іран зь Сібіры, куды яе дэпартавалі ў 1940 годзе. Яна адправілася на караблі з Краснаводска ў Пахлеві як няня. Пра гэта яна ўспамінала ў 1973 годзе ў эфіры Польскага радыё.

Браніслава Ендрух: Наша кіраўніцтва дало даручэньне забіраць з Расеі як мага больш нашай моладзі, каб яна вырвалася за граніцу Савецкага Саюза. Я такую групу вяла — ад паўтарагадовага дзіцяці да 15-гадовага. Па дарозе гэтыя дзеці паміралі ад авітамінозу. Ад гэтага пакутавалі ўсе палякі.

Польскія
Польскія могілкі ў Іране

Да канца жніўня 1942 года Савецкі Саюз пакінулі больш за 115 000 чалавек, у тым ліку каля 78 з паловай тысяч салдат. Было эвакуіравана амаль 18 тысяч дзяцей. Гэта, аднак, было толькі 10% ад насельніцтва, дэпартаванага ў 1939-1941 гадах з усходніх тэрыторый даваеннай Рэспублікі Польшча ўглыб савецкай дзяржавы.

Хоць большасьць польскіх вайскоўцаў былі неўзабаве накіраваны на базы саюзьнікаў у Іраку, мірныя жыхары былі расьцярушаны амаль па ўсім Іране. Найбуйнейшыя лягеры бежанцаў былі створаны ў Тэгеране, Мэшхедзе, Ахвазе і Ісфахане. У апошнім горадзе жылі 2600 польскіх дзяцей.

З выведзеных з СССР польскіх салдат на Блізкім Усходзе была створана Польская армія на Ўсходзе. Зь яе быў вылучаны 2-і Польскі корпус, які ў 1944 годзе праславіўся змаганьнем на італьянскім фронце.

IAR/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт