Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка разьюшаны стаўленьнем Расеі да Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.08.2018 13:56
"Расейцы паводзяць сябе па-варварску ў адносінах да нас", - заявіў беларускі кіраўнік.
wikimedia commons/Okras (Own work)/CC BY-SA 4.0

Апошнім часам беларускі кіраўнік не выбірае мяккіх словаў, калі кажа пра адносіны з Расеяй – камэнтуе падзеі ў Беларусі «Rzeczpospolita». «У нас цяпер цяжкі пэрыяд. Расейцы паводзяць сябе па-варварску ў адносінах да нас. Патрабуюць ад нас чагосьці, быццам бы мы – іх васалы», – заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на заводзе Гомсельмаш. Пры нагодзе ён казаў, што расейцы выцясьняюць з расейскага рынку беларускіх вытворцаў, напрыклад, тэхнікі.

На вострыя выказваньні Лукашэнкі Расея не рэагуе. На думку экспэртаў, гаворка ідзе не пра камбайны, а пра зьмену палітыкі Расеі адносна Беларусі, якая можа балюча ўдарыць па беларускай эканоміцы. Па словах палітоляга Андрэя Суздальцава, Лукашэнка злуецца, паколькі заканчваецца залатая эпоха, калі Расея ўкладвала ў Беларусь мільёны і не хацела нічога ўзамен. Расея выдзеліла суседцы 112 млрд. даляраў у эквіваленце таннага газу, нафты, за якія Менск плаціць чарговымі крэдытамі. Цяпер Расея пачала рэформы і Менск таксама павінен падрыхтавацца да сусьветных цэн на энэргарэсурсы – дадае экспэрт.

Паводле ацэнкі Суздальцава, на адносіны Крамля да Лукашэнкі адмоўна паўплывала кантрабанда Беларусяй забароненых у Расеі прадуктаў харчаваньня з Эўропы. Лукашэнка нядаўна заявіў, што на самой справе рээкспартам займаюцца расейцы, у якіх «шмат зорачак на пагонах».

На мінулым тыдні агенцтва Reuters паведаміла, што Расея спыніла крэдытаваньне Беларусі й намерана абмежаваць пастаўкі нафты. «Беларусь хоча быць незалежнай дзяржавай, але бюджэт рыхтуе на падставе коштаў расейскіх нафты і газу. Гэта мэнтальнасьць паразыта, які прывык, што яму пастаянна хтосьці нешта дае», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. На яго думку, калі Расея перастане пастаўляць танную сыравіну, Беларусь чакае эканамічная стагнацыя і рэцэсія.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт